Легендарны Porsche 550 Spyder стаў маленькім электрамабілем
- 21.11.2026, 17:41
Над праектам працавалі шэсць гадоў.
Porsche стварыла паменшаную электрычную версію легендарнага 550 Spyder — мадэлі, што стала адной з самых пазнавальных у гісторыі аўтаспорту маркі. Новы Porsche 550 J выкананы ў маштабе 80% ад арыгінала, важыць усяго 350 кг, а яго тыраж складзе 250 машын, піша Motor1 (пераклад — сайт Charter97.org).
Праект распрацоўваўся шэсць гадоў брытанскай кампаніяй Hedley Studios сумесна з Porsche AG. Інжынеры выкарысталі арыгінальныя чарцяжы і матэрыялы з архіва музея Porsche ў Штутгарце. Кузаў выраблены з вуглапластыку, а асновай служыць сталёвая прасторавая рама.
«Ён быў не проста хуткім — даступным, функцыянальным і надзвычай шчырым у сваім дызайне», — так заснавальнік Hedley Studios Бэн Хедлі апісаў арыгінальны 550 Spyder.

Электрычны малюк з характарам спорткара
Стандартная версія абсталяваная электрарухавіком магутнасцю 11 к.с. і разганяецца максімум да 64 км/г. Запас ходу дасягае 48 км. Для тых, каму гэтага мала, прадугледжаны пакет RS: магутнасць павялічваецца да 21 к.с., максімальная хуткасць — да 80 км/г, а далёкасць паездкі — да 80 км. Ён таксама ўключае дадатковыя акумулятарныя модулі і мадэрнізаваную падвеску Bilstein.
Усяго для Porsche 550 J распрацавалі больш за 1300 новых дэталяў, уключаючы колы, элементы падвескі і пераключальнікі ў салоне.
Пакупнікі змогуць выбраць гістарычную гоначную афарбоўку або замовіць індывідуальны колер. Кошт пачынаецца прыблізна з 92 тысяч долараў без уліку дадатковых опцый і падаткаў. Пастаўкі запланаваныя на вясну 2027 года.