Лакаматыў пратараніў аўтобус з людзьмі на Украіне: 40 загінулых (Фота)
14- 12.10.2010, 13:53
Страшнейшае ДТЗ адбылося ў аўторак раніцай у Днепрапятроўскай вобласці Украіны.
У горадзе Марганец рэйсавы аўтобус сутыкнуўся з лакаматывам. Колькасць ахвяраў імкліва расце. Паводле апошніх дадзеных, загінулі 40 чалавек, яшчэ 10 пацярпелі - гэтыя лічбы назваў прэм'ер-міністр Украіны Мікалай Азараў, адкрываючы пасяджэнне кабінета міністраў. Пры гэтым улады выказалі боязь, што лік ахвяраў можа вырасці: некаторыя пацярпелыя знаходзяцца ў крытычным стане, перадае NEWSru.com.
Паводле папярэдняй інфармацыі, аўтобус выконваў рэйс Марганец-Нікапаль. ДТЗ адбылося ў аўторак раніцай каля 09:00 па мясцовым часе (10:00 па маскоўскім) на 116 км участка Прыдняпроўскай чыгункі «Нікапаль-Марганец». Сутыкненне адбылося на неахоўным пераездзе, паведамілі «Інтэрфаксу» ў прэс-службе Прыдняпроўскай чыгункі.
Рэйсавы аўтобус «Эталон», які перавозіў каля 50 чалавек на чыгуначным пераездзе выехаў на забаронены сігнал святлафора і сутыкнуўся з манеўровым лакаматывам, які абслугоўвае адно з мясцовых прамысловых прадпрыемстваў, паведамляе ўкраінскае інфармагенцтва УНІАН. Мяркуючы па ўсім, памылку дапусціў кіроўца, што спрабаваў праскочыць на забараняльны сігнал.
«Пераезд быў зачынены, на ім была ўключаная сігналізацыя, якая вызначала, што пераезд быў зачынены для руху аўтатранспарту», - адзначылі ў прэс-службе. Сігналізацыя на неахоўным пераездзе была спраўная. Бачнасць на пераездзе ў абодва бакі складае каля 700 метраў.
Паводле дадзеных Дзяржаўнай адміністрацыі чыгуначнага транспарту Украіны («Укрзализныця»), папярэдняй прычынай ДТЗ стала парушэнне кіроўцам аўтобуса правілаў дарожнага руху ў частцы руху праз чыгуначныя пераезды.
«Кіроўца аўтобуса праігнараваў забараняльныя сігналы святлафора пераезнай святлафорнай сігналізацыі і выехаў на пераезд у непасрэднай блізкасці да надыходзячага цягніка, у выніку чаго адбылося сутыкненне з лакаматывам. Паводле папярэдняй інфармацыі аўтобус выконваў рэйс Марганец-Нікапаль», - гаворыцца ў паведамленні «Укрзализныци», распаўсюджанай прэс-службай ведамства ў аўторак.
Пракуратура Днепрапятроўскай вобласці ўзбудзіла крымінальную справу па факце ДТЗ. Разам з тым, у ведамстве не ўдакладнілі па якім артыкуле ўзбуджаная крымінальная справа.
«Паводле загада міністра ўнутраных спраў Украіны на месца здарэння тэрмінова выехала аператыўная група МУС на чале з намеснікам міністра ўнутраных спраў Васілём Фарыннікам», - паведамілі «Інтэрфаксу» ў дэпартаменце сувязяў з грамадскасцю МУС Украіны, дадаўшы, што ў групу ўваходзіць начальнік ДАІ МУС Валерый Лазавы і эксперты навукова-даследчага крыміналістычнага цэнтра МУС.
У міліцыі падкрэслілі, што ДАІ будзе жорстка кантраляваць перасячэнне транспартнымі сродкамі чыгуначных пераездаў, а таксама ўзмоцніць кантроль за тэхаглядам транспартных сродкаў, якія займаюцца перавозкай пасажыраў.





