23 снежня 2024, панядзелак, 14:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: «Лукашэнка не мае права ўдзельнічаць у выбарах»

53
Андрэй Саннікаў: «Лукашэнка не мае права ўдзельнічаць у выбарах»

Беларускі дыктатар неаднаразова парушаў закон і Канстытуцыю і падазраецца ў датычнасці да выкраданняў апанентаў.

Прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Беларусі Андрэй Саннікаў даў эксклюзіўнае інтэрв'ю Рускай службе Radio France Internationale (RFI).

19 снежня гэтага года ў Беларусі пройдуць прэзідэнцкія выбары. Андрэй Саннікаў - адзін з кандыдатаў на пасаду кіраўніка беларускай дзяржавы, кандыдат ад апазіцыі. Ён ужо шмат гадоў у апазіцыі, па адукацыі дыпламат, у кароткае міжкаралеўе паміж СССР і Лукашэнкам прадстаўляў Беларусь на міжнародных перамовах, у 1995-96 гадах быў нам. міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь, пасля гэтага - каардынатар нефармальнай грамадзянскай ініцыятывы «Хартыя'97». У цяперашні момант - лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь».

- Андрэй Алегавіч, вы выступаеце супраць рэгістрацыі Лукашэнкі і кажаце, што ён не мае права выступаць на гэтых выбарах кандыдатам. Чаму?

- Сапраўды, гэта так, таму што Лукашэнка парушаў закон неаднаразова, таму, што ён быў абраны народам на адзін тэрмін, потым ён памяняў Канстытуцыю ў выніку сфальсіфікаванага рэферэндума, і г. д. і да т. п. І апошняе: ён пасля мінулых выбараў проста сам прызнаўся, што даў указанне сфальсіфікаваць вынікі. Акрамя таго, ён падазраецца ў датычнасці да палітычных знікненняў і забойстваў у Беларусі. Ну як можна разглядаць яго як законнага кандыдата? Паводле закона ён не мае права.

- У Беларусі не толькі вы кандыдат ад апазіцыі. Такіх апазіцыйных кандыдатаў, здаецца, даволі-такі шмат, ледзь не дзесятак. Вы рыхтуеце якое-небудзь супрацоўніцтва з імі? Саюзы? Не ўсім жа выходзіць на фінішную прамую выбараў! Бо ад гэтага могуць рассеяцца апазіцыйныя галасы.

- Так, безумоўна, мы абмяркоўваем магчымасць аб'яднання, кансалідацыі, але цяпер гэта як раз станоўчы фактар, я лічу. Кандыдаты і каманды пайшлі да людзей збіраць подпісы. Яны агітуюць за альтэрнатыву развіцця Беларусі. Гэта значыць, гэта нармальна, а далей будзем сапраўды размаўляць пра тое, як аб'яднацца, як скласці сілы.

- Вы выступаеце за еўрапейскі шлях. Пад гэтым маецца на ўвазе дэмакратыя, гэта значыць спаборніцтва ў палітычнай барацьбе, свабодныя і празрыстыя выбары, захаванне асноўных правоў чалавека. Гледзячы здалёк, здаецца, што да гэтага часу такія заклікі ніяк не змянялі вынікі беларускіх выбараў. Вы думаеце, што ў гэты раз нешта будзе інакш?

- Я думаю - так, таму што людзі ўжо стаміліся ад дыктатуры Лукашэнкі. Яны бачаць, што перавага еўрапейскага шляху развіцця - гэта не голыя словы, гэта рэальнае перавага. Усе нашыя суседзі, якія сёння апынуліся ў аб'яднанай Еўропе, жывуць значна лепш, чым у Беларусі. І якасць, і ўзровень жыцця лепшы. Таму, я думаю, сёння гэта людзей прыцягвае нашмат больш, чым раней. Яны проста бачаць прыклады нармальнага развіцця дзяржавы. І Літвы, і Латвіі, і Польшчы. І тое, што Украіна ідзе цяпер таксама гэтым шляхам - гэта вельмі важна.

- Менавіта пра гэта было маё наступнае пытанне, таму што дэмакратыя - гэта, несумненна, добра, але ў жыцці людзей выключна важная і эканоміка. Вы выступаеце кандыдатам на пасаду кіраўніка дзяржавы. Я мяркую, што вы не можаце абмежавацца толькі праграмай палітычных рэформаў. Што вы збіраецеся зрабіць, каб палепшыць эканамічнае становішча вашых суграмадзян?

- Разумееце, шлях еўрапейскай інтэграцыі прадугледжвае мадэрнізацыю, змены эканамічныя. Сёння гэтая камандная сістэма ўжо выціснула ўсе сокі з эканомікі. У нас адсталасць прадпрыемстваў неймаверная. У нас колькасць адсталых калгасаў вельмі вялікая. Гэта сур'ёзная нагрузка на бюджэт, таму што бюджэт датуе гэтыя калгасы.

Эканоміка, безумоўна, будзе прыярытэтам, з'яўляецца прыярытэтам у нашай кампаніі. Прадпрымальніцтва задушанае. Гэта значыць, усе тыя рэчы, якія павінны спрыяць развіццю дзяржавы і росквіту дзяржавы, знаходзяцца ў падпарадкаванні каманднай сістэмы, якой кіруе адзін чалавек, і наўпрост пазбаўленыя магчымасці развівацца. Даць ім свабоду, даць ім магчымасць развівацца, падтрымаць з боку дзяржавы эфектыўныя прадпрыемствы, дапамагчы рэструктурызацыі, мадэрнізацыі неэфектыўных - гэта і дасць добры вынік.

- Гэта, несумненна, добрыя намеры, але ці ёсць у вас канкрэтныя прыклады тых эканамічных мер, якія вы прынялі б, калі б вы заўтра сталі прэзідэнтам Беларусі?

- Тут можна казаць пра дробнае і сярэдняе прадпрымальніцтва, якое сёння знаходзіцца пад падатковым прыгнётам дзяржавы. Таму што ў пераходны перыяд яны будуць найважнейшымі элементамі эканомікі. Можна казаць пра рэструктурызацыю і прыватызацыю буйных прадпрыемстваў. Транспарэнтную, гэта значыць, празрыстую прыватызацыю. Можна казаць пра паляпшэнне наогул інвестыцыйнага клімату, таму што, што ні рабі пры дыктатуры, даверу няма. А дэмакратычныя перамены дазволяць імгненна павысіць рэйтынг Беларусі як надзейнага, прадказальнага партнёра, і гэта будзе прыцягваць інвестыцыі. Канкрэтна можна казаць пра нейкія макраэканамічныя крокі. Але, у агульных рысах, можна сказаць, што эканоміка мае патрэбу ў свабодзе, аздараўленні і вызваленні ад усяго таго ціску, які яна выпрабоўвае сёння.

- А Вы не маглі б прывесці які-небудзь канкрэтны прыклад якога-небудзь канкрэтнага прадпрыемства з канкрэтнай дзейнасцю, сітуацыя якога магла б палепшыцца ў выніку такіх мераў?

- Ну, скажам, «Беларуськалій». Гэтая кампанія па здабычы мінеральных угнаенняў, якая з'яўляецца вядучай кампаніяй, што сёння рыхтуецца да прыватызацыі, а людзей, якія працуюць на гэтым прадпрыемстве, гэта палохае. А гэта адзін з сур'ёзных артыкулаў экспарту Беларусі, адзін з сур'ёзных артыкулаў паступленняў у бюджэт. Дык вось, калі зрабіць прыватызацыю з улікам меркавання працоўных на гэтым прадпрыемстве і згодна з найбольш выгаднымі ўмовамі праз тэндар, гэта і дасць вельмі хутка нармальна функцыянальную кампанію і нармальны прыбытак.

Што тычыцца дробных або сярэдніх прадпрыемстваў, то ў нас ёсць прыклады, што калі прыходзяць, нягледзячы на цяжкасці, заходнія інвестары і ствараюць альбо СП, альбо даччыныя прадпрыемствы сваёй кампаніі - я бачыў і ў Гародні, і ў Берасці, калі ездзіў - і вельмі хутка яны выходзяць на перадавыя ролі ў тым рынку вытворчасці, напрыклад, нейкіх ільняных вырабаў або вытворчасці абутку, або пашыву адзення. Гэта значыць, калі яны прыносяць сучасныя метады, вельмі хутка па-іншаму пачынае працаваць прадпрыемства.

- Адзін з найважнейшых кампанентаў беларускай эканомікі - гэта энэргазалежнасць ад Расеі. І з гэтым, відаць, нічога не зрабіць. Доўгі час гэтая энэргазалежнасць будавалася на льготных цэнах. Гэта значыць, Беларусь жыла за кошт Расеі. Ці дапушчальна гэта?

- Я думаю, што тут не эканоміка ўжо дзейнічае, а нейкія палітычныя ці ідэалагічныя схемы. У бліжэйшы час мы будзем залежаць, і гэта прама трэба прызнаваць, ад энерганосьбітаў з Расеі. Але ў гэтым няма нічога страшнага. Калі эканоміка пачне генераваць прыбытак, які яна можа генераваць, то мы зможам дазволіць сабе плаціць тыя кошты, якія з'яўляюцца рэальнымі, а не дасягнутыя ў выніку нейкіх закулісных дамоўленасцяў.

- У апошні час адносіны паміж Расеяй і Беларуссю, дакладней, паміж расейскімі ўладамі і Лукашэнкам, сталі псавацца, і Расея гатовая ўплываць на беларускія выбары, мабыць, супраць Лукашэнкі. Ці патрэбная такая падтрымка, ці дапаможа яна альбо адапхне беларускіх выбаршчыкаў? І ці зручна, наогул, каму б там ні было станавіцца прэзідэнтам Беларусі, абапіраючыся на ўплыў замежнай улады, якая, дарэчы, таксама не абсалютна дэмакратычная?

- Вы ведаеце, сёння роля Расеі, сапраўды, вельмі важная на гэтых выбарах. І я тут не разглядаю гэта як спробу ўплываць на вынік выбараў. Гэта, проста, нарэшце прагучала ацэнка Лукашэнкі як ненадзейнага партнёра. І тое, што мы чуем сёння ад расейскіх тэлеканалаў і з іншых крыніц, - гучыць тая праўда, пра якую ўвесь час казала апазіцыя. Гэта рэальная дапамога, таму што да гэтага часу нам не ўдавалася прасунуць справу міжнароднага расследавання пра выпадкі знікненняў, палітычных забойстваў у Беларусі, у прыватнасці таму, што Расея блакавала ў міжнародных арганізацыях гэтае пытанне. Сёння ёсць магчымасць усё ж такі паспрабаваць арганізаваць міжнароднае расследаванне. Для нас гэта надзвычай важна, таму што гэта нашыя калегі, нашыя сябры, тыя людзі, якія паплаціліся за сваю пазіцыю, за сваё адмаўленне дыктатуры.

- Андрэй, у Вас няма доступу да тэлебачання Беларусі. Ці не думаеце вы, што без доступу да тэлебачання ніякая кандыдатура на ўсеагульных выбарах немагчымая?

- Не, не зусім так. Безумоўна, гэта вельмі сур'ёзная перашкода, таму што ў нас на тэлебачанні раскручваецца толькі адзін чалавек - дыктатар Лукашэнка, а нас заўсёды выстаўляюць у чорным святле. Але гэта ўсё роўна. Я бачу, што зараз адбываецца: людзі вельмі актыўна цікавяцца прэзідэнцкімі выбарамі, уключаюцца ў кампанію, шукаюць і знаходзяць інфармацыю з дапамогай Інтэрнэту, сваіх сяброў, знаёмых. Таму тое, што народ будзе ведаць, што ёсць альтэрнатыва, я ўпэўнены. А веданне ўжо дапамагае зрабіць правільны выбар.

- І ў канцы нашай гутаркі хацелася б атрымаць кароткі адказ на пытанне, якое, мне здаецца, таксама вельмі важнае. Частка Беларусі была заражаная з-за чарнобыльскай катастрофы. Прафесар Бандажэўскі, у свой час, прыцягваў увагу да таго, што мясцовыя жыхары гэтых раёнаў нажываюць там шматлікія хваробы, назапашваючы ў арганізмах радыеактыўныя элементы, у прыватнасці таму, што яны працягваюць вырошчваць там садавіну і гародніну, якія самі ж спажываюць. Ці можна з гэтым што-небудзь зрабіць?

- Так, безумоўна, і я зараз як раз займаюся, у тым ліку, і гэтай праблемай. У маю каманду ўваходзяць людзі, якія займаюцца чарнобыльскай праблемай, - гэта член-карэспандэнт Іван Нікітчанка, Генадзь Грушавы, які займаўся дабрачыннымі праектамі, гэта Георгій Лепін. Гэтая праблема хвалюе людзей тым больш, што дзяржава ўвесь час робіць выгляд, што ўсё ўжо мінула, заражаныя раёны ўжо прыдатныя для жылля, і ўсе праграмы, у тым ліку, і міжнародныя праграмы па Чарнобылі былі згорнутыя. Згортваецца чарнобыльская медыцына. Гэта сур'ёзная праблема, і яна, безумоўна, будзе адлюстраваная і ў праграме, і ў кампаніі, і пасля выбараў - у нашай дзейнасці.

Гутарыў Яраслаў Гарбанеўскі

Напісаць каментар 53

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках