24 снежня 2024, aўторак, 6:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Назіральнікі ад СНД прыехалі ў Беларусь

10

Місія ад СНД на чале з Выканаўчым сакратаром Садружнасці Сяргеем Лебедзевым прыступіла да назірання за прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі.

Пра гэта паведамілі агенцтву «Інтэрфакс-Захад» у прэс-службе Выканаўчага камітэта СНД у Менску.

«Створаны штаб місіі назіральнікаў ад СНД, у бліжэйшы час будуць адкрытыя яго аддзяленні ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі. Гэта дазволіць арганізаваць працу назіральнікаў непасрэдна ў гарадах і раёнах, пастаянна кантактаваць з тэрытарыяльнымі і ўчастковымі выбарчымі камісіямі, праводзіць сустрэчы з прадстаўнікамі штабоў кандыдатаў у прэзідэнты, выбаршчыкамі, іншымі ўдзельнікамі выбарчага працэсу», - паведамілі ў менскай штаб-кватэры СНД.

У прэс-службе паінфармавалі, што на сённяшні дзень акрэдытавана 27 міжнародных назіральнікаў ад СНД - прадстаўнікі краінаў Садружнасці, накіраваныя на працу ў Выканаўчы камітэт СНД на квотнай аснове, прадстаўнікі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расеі, а таксама супрацоўнікі Выканаўчага камітэта СНД, якія забяспечваюць вырашэнне арганізацыйных пытанняў дзейнасці місіі.

Прадстаўнікамі місіі накіраваныя звароты да кіраўніцтва Вярхоўнага суда, Генеральнай пракуратуры, МУС і Цэнтрвыбаркама з просьбай інфармаваць штаб місіі аб скаргах, якія паступілі і заявах, звязаных з парушэннем выбарчага заканадаўства, і выніках іх разгляду.

У Выканкаме заявілі, што дзейнасць місіі назіральнікаў ад СНД будуецца «строга ў адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам рэспублікі, дакументамі, прынятымі ў межах Садружнасці. Яна засноўваецца на міжнародных стандартах арганізацыі назірання за выбарамі».

Там таксама адзначылі, што маніторынг будзе засноўвацца «на прынцыпах палітычнай нейтральнасці і непрадузятасці, неўмяшання ў ход выбарчага працэсу і ва ўнутраныя справы дзяржавы». Ацэнкі місіі будуць грунтавацца «выключна на выніках ўласнага назірання, афіцыйнай інфармацыі, фактычным матэрыяле, дадзеным выбарчымі камісіямі, дзяржустановамі і іншымі ўдзельнікамі выбарчага працэсу», - паведамілі ў Выканаўчым камітэце СНД.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках