7 траўня 2024, aўторак, 13:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Дзяды» пад роднымі сцягамі (Фота, відэа)

8
«Дзяды» пад роднымі сцягамі (Фота, відэа)

Курапаты сёння не толькі месца памяці і пакутаў беларускага народа, але і пачатак беларускай рэвалюцыі.

У шэсці, якое прайшло ў Менску 31 кастрычніка, прынялі ўдзел каля тысячы чалавек. Акцыя «Дзяды» праходзіць штогод. Гэта не палітычнае, а жалобнае мерапрыемства, падчас якога беларусы выконваюць свой абавязак ўшанавання памяці нявінна забітых. У 30-х - пачатку 40-х гадоў мінулага стагоддзя ва ўрочышчы Курапаты, паводле ацэнак гісторыкаў, былі расстраляныя каля 200.000 ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.

У 11.00 каля Гадзіннікавага завода сабраліся як простыя менчукі, так вядомыя палітыкі і грамадскія дзеячы. Удзельнікі памятнай акцыі разгарнулі каля сотні нацыянальных бел-чырвона-белых сцягоў і сцягоў грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь». Шмат хто прыйшоў з дзецьмі, прынёс кветкі і павязаў на вопратку бел-чырвона-белыя і сінія стужачкі.

Адным з першых на акцыю прыйшоў прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Беларусі, лідэр «Еўрапейскай Беларусі» Андрэй Саннікаў, які штогод удзельнічае ў памятным шэсці. У мерапрыемстве прынялі ўдзел таксама лідэр Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, кіраўнік Менскай гарадской арганізацыі Партыі БНФ Віктар Івашкевіч, кіраўнік Менскага гарадскога штаба Андрэя Саннікава Яўген Афнагель, лідэр «Маладога Фронту» Зміцер Дашкевіч, прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта ад Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, сустаршыня партыі БХД Павал Севярынец, прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта ад Партыі БХД Віталь Рымашэўскі, вядомы мастак, кіраўнік суполкі «Пагоня» Алесь Марачкін і іншыя.

««Дзяды» для мяне - гэта традыцыйная акцыя, я заўсёды ў ёй ўдзельнічаю. Гэта дзень адраджэння памяці, культуры і гісторыі Беларусі. З 1988 года можна весці адлік беларускага Адраджэння, і гэта вельмі значная падзея ў найноўшай гісторыі нашай краіны. Я лічу, што гэты дзень павінен быць дзяржаўным выходным днём, як і другі дзень Вялікадня.

Курапаты - месца трагедыі, месца знішчэння народа, месца знішчэння памяці народа. Гэта вечны помнік, гэта напамін пра тое, што можа адбывацца ў дзяржаве, дзе кіруе таталітарны рэжым. Адраджэнне памяці вельмі важнае. Мы бачым, што дыктатура Лукашэнкі пачалася з адмаўлення гісторыі, спробаў аднавіць Савецкі Саюз у асобна ўзятай рэспубліцы, і якраз сённяшні дзень яскрава сведчыць пра банкруцтва такой палітыкі», - заявіў у інтэрв'ю сайту charter97.org падчас акцыі Андрэй Саннікаў.

Шэсце да Курапатаў доўжылася больш за тры гадзіны. Людзі ішлі пад нацыянальнымі і еўрапейскімі сцягамі, скандуючы «Жыве Беларусь!», «Верым! Можам! Пераможам!». Супрацоўнікі міліцыі і АМАПа суправаджалі ўдзельнікаў акцыі на працягу ўсяго шляху. Яны ішлі побач, ехалі па маршруце руху калоны на аўтобусах і аўтамабілях. Паказальна, што з дзясятак брытагаловых амапаўцаў у цывільным раз'яжджалі, у тым ліку, на мікрааўтобусе з надпісам «ТВ-Прэса».

Паколькі акцыя праходзіла арганізавана і прыцягвала ўвагу мінакоў, якіх у сонечны нядзельны дзень было шмат, не абышлося без правакацыяў. Да памятнага шэсця спрабавалі далучыцца некалькі маладых людзей моцнага целаскладу з бутэлькамі таннага віна. Яны дэманстратыўна пілі «чарнілы», ідучы на чале калоны, на вачах міліцыянтаў, якія ніяк на гэта не рэагавалі. Узрост гэтых людзей і тое, што яны былі дастаткова нядрэнна апранутыя, ніяк не вязаліся з тым, што яны пілі. У рэшце рэшт, з вялікай цяжкасцю правакатараў змаглі выдаліць з калоны дружыннікі.

Рэакцыя менчукоў на акцыю натхняла яе ўдзельнікаў. Аўтамабілісты сігналілі ў знак салідарнасці, менчукі выходзілі з крамаў, выглядалі з вокнаў і балконаў, а адна жанчына выйшла са свайго дома і сустракала калону з бел-чырвона-белым сцягам.

Ва ўрочышчы Курапаты, побач з крыжамі, усталяванымі ў памяць пра ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, прайшоў мітынг, у якім прынялі ўдзел палітыкі і сваякі ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Выступоўцы адзначалі, што больш за 20 гадоў, з 1988 года, калі Беларусь даведалася страшную праўду пра Курапаты, сюды кожны год прыходзяць тысячы і тысячы беларусаў. Курапаты сёння, паводле іх словаў, гэта не толькі месца памяці і пакутаў беларускага народа, але і пачатак беларускай рэвалюцыі.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках