Ярмошына: Крэмль нас палохае жорсткай ацэнкай выбараў
79- 5.10.2010, 9:07
Кіраўнічка ЦВК палічыла «ціскам» заяву аб «адэкватнасці» ацэнкі выбараў у Беларусі Расеяй.
Старшыня Цэнтравыбаркаму Беларусі Лідзія Ярмошына разлічвае, што расейскія назіральнікі «падыдуць аб'ектыўна да ацэнкі прэзідэнцкіх выбараў, і не будуць выконваць чыюсьці палітычную замову».
«Калі перакладаць з дыпламатычнай мовы на нейкую іншую мову, нас відавочна палохаюць тым, што ацэнка будзе жорсткай, каб мы не разлічвалі на паблажкі», - заявіла кіраўнічка ЦВК агенцтву «Інтэрфакс-Захад», каментуючы заявы крыніцы ў Крамлі, што расейскія назіральнікі дадуць адэкватную ацэнку выбарам у Беларусі.
«Увогуле, калі ўзяць гэтую фразу, дык яна абсалютна нявінная. Ацэнка неадэкватная не павінна быць, яна заўсёды павінна адпавядаць рэаліям. Але паколькі ніколі нічога падобнае не заяўлялася, дык гэта заўсёды насцярожвае. Вядома, гэты ціск», - адзначыла Ярмошына.
Яна не выключае, што расейскія назіральнікі могуць быць загадзя зарыентаваныя на тую ці іншую ацэнку беларускіх выбараў. «Магу сказаць, што ўсё можа быць. Назіральнікі павінны апісваць тое, што яны рэальна бачаць. Іх ацэнка павінна быць аб'ектыўнай, і я была ўпэўненая, што расейскія назіральнікі заўсёды робяць такую ацэнку», - сказала Л.Ярмошына. «Таму для мяне з'яўляецца навіной, што яны дзейнічаюць па замове, атрымліваючы адпаведныя рэкамендацыі. Спадзяюся, што яны (рэкамендацыі - ІФ) ніякім чынам не адаб'юцца на той ацэнцы, якую будуць даваць расейскія назіральнікі», - заявіла старшыня ЦВК.
У любым выпадку, адзначыла Ярмошына, «нам няма чаго баяцца». «Назіральнікі ўсё будуць бачыць. Дадуць яны станоўчую ці адмоўную ацэнку, але мы будзем жыць далей», - сказала яна.
«Адзінае, што можа быць, дык я стану неўяздной ў Калінінград ці ў Маскву (у выпадку непрызнання выбараў Расеяй - ІФ)», - іранічна заўважыла Ярмошына, у дачыненні да якой уведзеныя візавыя абмежаванні з боку ЕЗ. «А так назіральнікі, урэшце рэшт, не банды ж нейкія, балюча нам не будзе, прынамсі, фізічна», - дадала яна.
На пытанне пра тое, ці варта разглядаць падобныя заявы з Крамля як падрыхтоўку да непрызнання беларускіх выбараў місіяй ад СНД, Ярмошына заявіла: «Місія ад СНД - гэта не толькі Расея. Я не буду меркаваць горшае. Мы паглядзім, якія будуць перад намі ставіць пытанні, якія будуць рабіць прамежкавыя справаздачы», - адзначыла кіраўнічка ЦВК.
Ярмошына не бачыць прычынаў для таго, каб адмовіць расейскім назіральнікам у акрэдытацыі на выбарах, якія маюць адбыцца. «Што значыць не пускаць? Яны запрошаныя і будуць працаваць у складзе той ці іншай місіі. Гэта было б недарэчна на фоне гэтай пагрозы», - адзначыла кіраўнічка ЦВК Беларусі.
З 1996 года ніводныя выбары ў Беларусі не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю. У 2004-м годзе Лідзія Ярмошына і яшчэ некалькі дзясяткаў высокапастаўленых чыноўнікаў былі занесеныя ў спіс асобаў, супраць якіх дзейнічае забарона на ўезд на тэрыторыю ЗША, ЕЗ і іншых краінаў. У 2008 годзе санкцыі супраць Лукашэнкі і іншых чыноўнікаў былі знятыя, але Ярмошынай, а таксама людзям, датычным да выкраданняў апазіцыянераў уезд у гэтыя краіны забаронены дагэтуль. Санкцыі Еўразвяза супраць Ярмошынай застаюцца ў сіле.