28 сакавiка 2024, Чацвер, 18:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейскія дэпутаты прапануюць расследаваць карупцыю ў асяроддзі Лукашэнкі

36

Беларускі народ павінен даведацца пра тыя факты, пра якія ён бы ніколі не даведаўся, лічаць у Дзярждуме РФ.

Як пішуць «Известия», Дзярждума прыняла ў сераду спецыяльную заяву «Аб сітуацыі ў расейска-беларускіх стасунках».

Парламентары асудзілі антырасейскую рыторыку кіраўніцтва рэспублікі і падтрымалі пазіцыю, выказаную на гэты конт Дзмітрыем Мядзведзевым 3 кастрычніка. Дакумент вырашана адправіць Аляксандру Лукашэнку, у «нацыянальны сход» Беларусі, у шэраг міжнародных структураў. Дыскусія вакол заявы працягвалася больш за гадзіну. Адрэагаваць на канфлікт паміж Масквой і Менскам прапанаваў камітэт па справах СНД. «Немагчыма абмінуць агрэсіўныя нападкі на кіраўніцтва Расеі, - патлумачыў старшыня камітэта Аляксей Астроўскі. - Трэба даць вытлумачэнне двум народам пра тое, якую пазіцыю займае Дзярждума».

Пазіцыя Дзярждумы такая: «Кан'юктурныя палітычныя інтарэсы, якія сталі браць верх падчас перадвыбарчай кампаніі, якая распачалася ў Рэспубліцы Беларусь, не павінны прывесці да падрыву саюзніцкіх стратэгічных стасункаў паміж нашымі краінамі, убіць клін у цесны саюз двух братэрскіх народаў». Дэпутаты падкрэслілі, што «Расея была і застаецца жорсткім прыхільнікам саюзнага будаўніцтва» і што «выкарыстоўваць у якасці разменнай манеты ўвесь той пазітыў, які дзесяцігоддзямі ствараўся сумеснай працай расейцаў і беларусаў», недапушчальна.

З чатырох партыяў, прадстаўленых у Дзярждуме, тэкст заявы не спадабаўся толькі КПРФ. Як высвятлілася падчас дыскусіі, прынцыпова не задавальняла іх толькі адна фраза - «антырасейская рыторыка, якая выкарыстоўваецца кіраўніцтвам Рэспублікі Беларусь, выклікае здзіўленне і поўнае непрыманне ў расейскага народа». Калі яе выключыць, мы гатовыя галасаваць «за», заявіў камуніст Сяргей Рэшульскі. Працытуйце нам, прасіў ён Астроўскага, «антырасейскую рыторыку, хто і калі сказаў, што Расея агідная краіна».

Выключаць фразу дэпутаты не сталі, паколькі для іх яна таксама прынцыповая. «Абражаючы кіраўніка расейскай дзяржавы, у адрас якога былі выказаныя агрэсіўныя і прыкрыя рэчы, абражаюць і ўвесь расейскі народ», - сказаў Астроўскі. Згадваць канкрэтнае прозвішча - Лукашэнка - у заяве дэпутаты не сталі. А вось падчас дэбатаў яно гучала шмат разоў. Лідэр ЛДПР Уладзімір Жырыноўскі нават узнагародзіў Лукашэнку мянушкай «беларускі Лужкоў»: «Да яго давер страцілі, толькі няма каму ўказ выдаць».

«Адзінарос» Валеры Драганаў з парламенцкай трыбуны наўпрост намякаў на карупцыю: «Вы, спадар Лукашэнка, сваім закрытым дэкрэтам стварылі аб'яднанне «Гандальэкспа» і на працягу чатырох гадоў да яго закрыцця адпампоўвалі з расейскага бюджэту грошы, але перадавалі іх не на дабро беларускага народа, а на ўзбагачэнне свайго асяроддзя». Драганаў даў зразумець, што можа быць арганізаванае парламенцкае ці грамадскае расследаванне: каб «беларускі народ даведаўся пра тыя факты, пра якія ён бы ніколі не даведаўся».

Пра тое, што фінансавая дапамога Расеі «некаторымі беларускімі кіраўнікамі выкарыстоўваецца ў сваіх інтарэсах», мімаходзь казаў і Астроўскі. «Справядлівая Расея» абыйшлася без папрокаў. «Прымаючы заяву, мы хочам спыніць пагаршэнне канфлікту і заклікаць кіраўніка краіны да змены тых палітычных праграмаў, якія накіраваныя супраць Расеі», - сказала «эсэр» Таццяна Маскалькова. У выніку заява была прынятая: «за» - 389, «супраць» - 57, устрымаўся - 1. Альтэрнатыўны праект камуністаў (з той жа назвай, але з іншым зместам) яшчэ на стадыі ўнясення ў парадак дня быў адхілены.

Напісаць каментар 36

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках