25 снежня 2024, Серада, 9:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Менску з'явіліся чырвона-зялёныя білборды «Перамога ў нашых руках» (Фота)

39
У Менску з'явіліся чырвона-зялёныя білборды «Перамога ў нашых руках» (Фота)

У Менгарвыканкаме не ведаюць, хто распрацоўваў такі плакат, а ў Цэнтравыбаркаме ўпэўненыя, што гэта рэклама выбараў, а не канкрэтнага кандыдата.

У Менску недалёка ад «Дружнай» з'явіўся незвычайны перадвыбарчы плакат. На чырвона-зялёным фоне напісаная дата выбараў, побач стаіць хлопец, твару не відаць. Пад выявай маладога чалавека напісана чырвона-зялёнымі літарамі «Перамога ў нашых руках», а на грудзі хлопца — «Перамога ў нашых сэрцах».

Білборд, на якім размешчаны плакат, належыць прыватнаму агенцтву. Яго змест тлумачыцца нядаўняй ініцыятывай Менгарвыканкама пра размяшчэнне 50% сацыяльнай рэкламы на сталічных білбордах. Пра гэта «Еўрарадыё» паведамілі ў агенцтве, якому належыць рэкламны шчыт.

«Вельмі шмат плакатаў зараз залепленыя «сацыялкай». Гэта па загадзе горада. Ідзе ад горада, гэта не кліент. Сацыяльная рэклама працягнецца да 20 снежня», - паведаміла супрацоўніца агенцтва.

Пасля выбараў агенцтва зноў будзе прадаваць плошчу білбордаў кліентам, дадала супрацоўніца.

У Цэнтравыбаркаме кажуць, што плакат рэкламуе выбары, а не канкрэтнага кандыдата. Маўляў, такі білборд мог размясціць любы прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта, распавёў сакратар ЦВК Мікалай Лазавік.

«Гэта інфармацыя пра выбары. Тут няма агітацыі за канкрэтнага кандыдата. Гэта можа і Лукашэнка сказаць, і Статкевіч, і Саннікаў, і Ус. Гэта інфарматыўны плакат», - сказаў Лазавік.

У свой час, на мінулых выбарах, быў слоган «За Беларусь», нагадвае Мікалай Лазавік.

«Гэта ледзь не БНФаўскі дэвіз «Жыве Беларусь!». А прыпісваць, што гэта агітацыя за дзеючага прэзідэнта, — таксама няправільна. Хаця некаторыя лічылі, што менавіта гэты плакат агітуе за дзеючага прэзідэнта. Пры нейкай долі фантазіі можна і так падумаць», - сказаў Лазавік.

Дарэчы, у Менгарвыканкаме так і не ўдалося знайсці чалавека, які займаўся распрацоўкай плакатаў.

Напісаць каментар 39

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках