23 снежня 2024, панядзелак, 22:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Першы канал Расеі: Ці ў цыганскіх каранях справа? (Відэа)

56
Першы канал Расеі: Ці ў цыганскіх каранях справа? (Відэа)

Сёння Лукашэнка «слабы як ніколі», лічыць Першы расейскі тэлеканал.

Сюжэт пра перадвыбарчую сітуацыю выйшаў у праграме «Час» на Першым расейскім тэлеканале 21 лістапада.

У Беларусі на гэтым тыдні адбылася важная падзея: зарэгістраваныя 10 кандыдатаў у прэзідэнты, выбары прызначаныя на 19 снежня. Зараз кандыдаты ад апазіцыі будуць змагацца з Аляксандрам Лукашэнкам за галасы выбаршчыкаў.

За месяц да выбараў Аляксандр Лукашэнка ездзіць з малодшым сынам Колем па рэгіёнах і пераконвае выбаршчыкаў, што ў краіне няма крызісу.

Падчас выбарчай кампаніі Лукашэнка падвысіў пенсіі на 10%, а мінімальную зарплату на 50. Абвалу беларускай валюты чакаюць адразу пасля выбараў ці ў навагоднюю ноч, як гэта было ў 2009 годзе. Каля абменнікаў у Менску стаяць чэргі.

Лукашэнка зараз часцей за звычайнае дае інтэрв'ю еўрапейскім журналістам. Нямецкім распавядае пра тое, што не чакае ад Расеі прызнання вынікаў выбараў, а польскім, што палову неабходнай нафты будзе атрымліваць з Венесуэлы. Беларускага прэзідэнта пытаюцца, як так атрымалася, што дзве брацкія рэспублікі пасварыліся? Любоў да Варшавы тлумачыцца проста. Перад выбарамі еўрапейскія палітыкі зачасцілі ў госці да таго, каго раней называлі апошнім дыктатарам Еўропы.

А прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ агучыла тое, пра што ў Брусэлі, мабыць, думаюць, але саромеюцца сказаць.

Даля Грыбаўскайтэ, прэзідэнт Літвы: «Лукашэнка - гэта гарант эканамічнай і палітычнай стабільнасці ў Беларусі, яе незалежнасці. Мы не хацелі б, каб наш сусед стаў другой Расеяй».

10 гадоў таму прадстаўнікі беларускай апазіцыі спальвалі расейскі трыкалор у цэнтры Менска. А зараз сцяг Еўразвяза на прэс-канферэнцыі апазіцыі выглядае канфузам. Двух галоўных незалежных кандыдатаў у Менску сёння называюць прарасейскімі. І яны гэтага не саромеюцца.

Андрэй Саннікаў, кіраўнік кампаніі «Еўрапейская Беларусь»: «Трэба зыходзіць з рэальнай сітуацыі. Калі ў Еўропе кажуць пра падтрымку Лукашэнкі, а ў Расеі - апазіцыі, дык трэба гэта ўлічваць і вітаць».

Кандыдатаў Андрэя Саннікава і Уладзіміра Някляева Лукашэнка называе «продажнымі» і «расейцамі». А ў ранейшыя гады ён называў сваіх апанентаў заходнімі шпіёнамі. Былога старшыню Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслава Шушкевіча Лукашэнка запісаў да палякаў.

Станіслаў Шушкевіч, старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі з 1991 па 1994 гг.: «Мой род чыста беларускі, разумееце? Яго нацыянальнасць невядомая: ці то ён цыган, ці то габрэй. Але, ва ўсякім выпадку, што не беларус - гэта дакладна».

Невядома, ці у цыганскіх каранях справа, але ў разгар перадвыбарчай кампаніі Аляксандр Лукашэнка пасябраваў з кінарэжысёрам Эмірам Кустурыцам. Лукашэнка прапанаваў Эміру Кустурыцы зняць фільм у Менску і нават сваю дапамогу. Але наўрад ці Кустурыца блізка ведае беларускага прэзідэнта, інакш не адмовіўся б ад магчымасці зняць фільм пра яго. Тым больш падобныя вобразы ў Кустурыцы ўжо сустракаліся.

3 мільярды еўра Еўразвяз абяцае перадаць Беларусі наўзамен на сумленныя выбары. І Лукашэнка згодны іх узяць.

Уладзімір Някляеў, лідэр кампаніі «Гавары праўду», кандыдат у прэзідэнты Беларусі: «Расея сказала: хопіць, больш бясплатных грошай ты мець не будзеш. Тады на змену ім прыходзяць палітыкі еўрапейскія. Гэтыя грошы ён у іх возьме, таму што яны яму патрэбныя, і нават дзякуй не скажа».

Незалежны кандыдат Уладзімір Някляеў, па рэйтынгу ён цяпер першы сярод апазыцыі, прапанаваў, каб гуманітарная дапамога прыйшла ў Менск не грашыма, а празрыстымі скрынямі. Аднак выбарчая камісія не пагадзілася.

Лідзія Ярмошына, кіраўнічка Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі: «Справа ў тым, што не можа аказвацца на выбары і рэферэндумы гуманітарная дапамога з-за мяжы».

Гэта значыць лепш усё-такі грашыма. Але першыя празрыстыя скрыні на гэтым тыдні ў Беларусі ўсё роўна з'явіліся. На заклік кандыдата ад апазіцыі адгукнулася асацыяцыя малога і сярэдняга бізнесу.

Віктар Гарбачоў, прадпрымальнік: «Мы гатовыя, скрыня каштуе ад 50 да 150 даляраў. Прадпрымальнікі самі з свайго бюджэту адшукваюць сродкі».

Сацапытанні паказваюць, што ў першым туры Лукашэнка выбары не зможа выйграць. Але ў Менску мала хто верыць, што падлік будзе сумленным. Таму рыхтуюцца не толькі да выбараў, але і да акцыі пратэсту, на плошчы.

Калі ў Беларусі кажуць «плошча», маюць на ўвазе вось гэтае месца. Нешта накшталт украінскага майдана. Тут за скверыкам хаваецца адміністрацыя прэзідэнта. Злева будынак, які ў народзе называюць саркафагам, але 19 снежня ў ім будзе працаваць Цэнтрвыбаркам. На плошчы сапраўды вельмі зручна чакаць вынікаў выбараў.

Уладзімір Някляеў, лідэр кампаніі «Гавары праўду», кандыдат у прэзідэнты Беларусі: «Гэта пачнецца ў 19 гадзінаў 19 снежня. У нас таму і заклік: 19-га ў 19 - на плошчу».

На плошчы 19 снежня, хутчэй за ўсё, з'явіцца намётавае мястэчка. Але галоўны апазіцыйны кандыдат Някляеў кажа, што ён супраць сілавога варыянту змены ўлады. Беларуская рэспубліка зараз банкрут ў эканамічным сэнсе, а рэжым Лукашэнкі слабы, як ніколі. І нават міліцыя на акцыях пратэсту паводзіць сябе інакш.

Напісаць каментар 56

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках