23 снежня 2024, панядзелак, 20:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прэзідэнт Еўрапарламента: Кампраміс з рэжымам Лукашэнкі немагчымы

31
Прэзідэнт Еўрапарламента: Кампраміс з рэжымам Лукашэнкі немагчымы

Еўрапарламент запросіць у Еўранэст 10 назіральнікаў ад беларускай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці.

Пра гэта паведамляе брусэльскае выданне Europolitics.info. На афіцыйным сайце Еўрапарламента гэтай інфармацыі пакуль няма. Але, як паведамляе «Радыё Рацыя», такое меркаванне было агучанае старшынём Еўрапарламента Ежы Бузекам падчас яго прэс-канферэнцыі ў Варшаве.

«Мы прынялі рашэнне, што ў працы міжпарламенцкага аб'яднання з боку Беларусі не будуць удзельнічаць дэпутаты беларускага «парламента». У нас ёсць дэлегаты ад парламентаў Украіны, Малдовы, Грузіі, Азербайджана і Арменіі. Ад Беларусі будуць удзельнічаць прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў і апазіцыі. У нас была кампрамісная прапанова, якая выглядала наступным чынам: Беларусь прадстаўляе 5 прадстаўнікоў ад «парламента» і 5 ад грамадскіх арганізацыяў. Але ў сітуацыі такога ціску на апазіцыю і грамадскія арганізацыі кампрамісная прапанова не можа быць прынятая», -- заявіў Ежы Бузек.

Адзначым, што на наступным тыдні ў Беларусь накіруецца дэлегацыя Еўрапарламента. Сярод іншых пытанняў, яна будзе выпрацоўваць пазіцыі адносна ўдзелу беларускай дэлегацыі ў Еўранэсце.

Гэтае рашэнне Еўрапарламента пракаментаваў еўрадэпутат ад польскай партыі «Права і справядлівасць» Конрад Шыманьскі.

«Гэта нашая ранейшая пазіцыя, -- сказаў Конрад Шыманьскі. -- Мы ніколі не прызнавалі, што ў Беларусі парламенцкія выбары прайшлі сумленна. Таму няма ўмоваў, каб запрашаць у Еўрапарламент «дэпутатаў», абраных такім чынам. Пакуль не будзе сумленных выбараў у Беларусі, да таго часу няма сэнсу эксперыментаваць з запрашэннем асобаў, якія не з'яўляюцца рэпрэзентатыўнымі».

Нагадаем, што ў апошні час у Беларусі ўзмацніліся рэпрэсіі супраць Саюза палякаў. Людзей, якія змагаюцца за права заставацца незалежнай арганізацыяй, арыштоўваюць, супраць іх узбуджаюцца крымінальныя справы, пішуцца паклёпніцкія артыкулы ў афіцыйнай прэсе, па ўсёй краіне канфіскуюцца Польскія дамы, якія належаць ім.

Толькі за адзін тыдзень у Беларусі былі жорстка разагнаныя тры мірныя акцыі апазіцыі. Іх ўдзельнікаў арыштоўвалі і збівалі.

17 лютага Сейм Польшчы прыняў рэзалюцыю, якая асуджае дзеянні беларускіх уладаў. «У сувязі з новай хваляй рэпрэсіяў супраць Саюза палякаў у Беларусі, а таксама яго актывістаў, парламент лічыць, што варта вярнуць палітыку санкцыяў у дачыненні да Беларусі» -- кажацца ў рэзалюцыі, прапанаванай спікерам Сейма Браніславам Камароўскім.

Паводзіны беларускіх уладаў асудзіў Еўрапарламент, шматлікія еўрапейскія палітыкі. Сваю занепакоенасць з сітуацыяй вакол польскай меншасці ў Беларусі выказаў МЗС Францыі.

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках