Мінюст перадумаў: Для падлеткаў уводзіцца «каменданцкая гадзіна»
20- 4.02.2010, 9:08
Мінюст падтрымаў прапанову аб абмежаванні знаходжання дзяцей у грамадскіх месцах уначы.
Як паведаміла БелТА са спасылкай на намесніка міністра юстыцыі Беларусі Алу Бадак, Мінюст правёў абавязковую юрыдычную экспертызу рашэння Менскага гарадскога «савета дэпутатаў» ад 16 снежня 2009 года № 258 «Аб удасканаленні працы ў сферы забеспячэння законнасці і правапарадку, прафілактыкі правапарушэнняў і п'янства, абароны інтэрасаў дзяцей, інвалідаў і састарэлых».
У гэтым рашэнні, у прыватнасці, прадугледжанае ўсталяванне забароны на рэалізацыю алкагольных напояў у аб'ектах гандлю Менска з 23.00 да 09.00 і на знаходжанне непаўнагадовых ва ўзросце да 16 гадоў на вуліцах, у дварах і пад'ездах жылых дамоў, у іншых грамадскіх месцах Менска з 23.00 да 06.00 без суправаджэння бацькоў ці асобаў, якія іх замяняюць.
Гэтае рашэнне ацэньвалася на прадмет яго адпаведнасці прадпісанням Канстытуцыі Беларусі, дэкрэта ад 14 ліпеня 2003 года № 17 «Аб ліцэнзаванні асобных відаў дзейнасці», КоАП, Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, законаў аб гандлі, мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Беларусі, аб органах унутраных справаў, аб правах дзіцяці, аб асновах сістэмы прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў непаўнагадовых.
У тым, што датычыць забароны на рэалізацыю алкагольных напояў, Міністэрства юстыцыі прыйшло да высновы, што паводле закона «Аб гандлі» такога кшталту абмежаванні і забароны могуць быць усталяваныя толькі заканадаўчымі актамі і (ці) пастановамі Савета Міністраў Беларусі.
А ў дачыненні да ўсталявання забароны на знаходжанне непаўнагадовых у грамадскіх месцах з 23.00 да 06.00 без суправаджэння бацькоў ці асобаў, якія іх замяняюць, неабходна кіравацца палажэннямі арт.23 Канстытуцыі, паводле якой абмежаванне правоў і свабодаў асобы дапускаецца толькі ў выпадках, прадугледжаных законам.
«Такім чынам, усталяванне гэтых абмежаванняў рашэннем Менскага гарадскога «савета дэпутатаў» не дапускаецца. Гэта павінны быць акты больш высокага ўзроўня. У гэтай сувязі па выніках экспертызы гэтага рашэння Міністэрствам юстыцыі было вынесенае адмоўнае заключэнне», - адзначыла Ала Бадак.
Разам з тым Мінюст падтрымлівае гэтую ідэю Менгарсавета па ўдасканаленні працы ў сферы правапарадку, прафілактыкі правапарушэнняў і п'янства, абароны інтэрасаў мясцовага насельніцтва. Аднак усталяванне адпаведных забаронаў і абмежаванняў, якія нават пераследуюць грамадска карысныя мэты, не павінна супярэчыць патрабаванням Канстытуцыі Беларусі і заканадаўчых актаў.
«Больш за тое, рашэнне названых пытанняў знайшло адлюстраванне ў падрыхтаваным законапраекце "Аб унясенні дадаткаў і зменаў у некаторыя заканадаўчыя акты Рэспублікі Беларусь па пытаннях усталявання забароны на знаходжанне непаўнагадовых у грамадскіх месцах", які падтрыманы Міністэрствам юстыцыі», - сказала намесніца міністра. У адпаведнасці з патрабаваннямі Канстытуцыі Беларусі гэтым законапраектам прадугледжваецца ўсталяванне забароны на знаходжанне дзяцей без суправаджэння бацькоў ці асобаў, якія іх замяняюць, а таксама асобаў, на якіх ускладзеныя абавязкі па навучанні і выхаванні непаўнагадовых, якія не дасягнулі ўзросту чатырнаццаці гадоў - з 22.00 да 06.00, непаўнагадовых ад чатырнаццаці да шаснаццаці гадоў - з 23.00 да 06.00 у грамадскіх месцах.
Такая забарона ўсталёўваецца шляхам дадавання адпаведнымі нормамі законаў «Аб правах дзіцяці», «Аб асновах сістэмы прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў непаўнагадовых». За парушэнне забароны ў КоАП будзе прадугледжаная адміністрацыйная адказнасць.
Нагадаем, што яшчэ 1 лютага Мінюст не патрымаў ініцыятыву Менгарсавета аб забароне знаходжання непаўнагадовых да 16 гадоў на вуліцах сталіцы і іншых грамадскіх месцах з 23.00 да 6.00 без суправаджэння бацькоў.