Чыноўнікі паміраюць на лыжных трасах
9- 15.03.2010, 10:11
Трэцяя зімовая спартакіяда дзяржслужбоўцаў Акмалінскай вобласці Казахстана скончылася смерцю адразу двух удзельнікаў.
Лыжная гонка пачалася 14 сакавіка і ўсё спачатку ішло добра, аднак праз нейкі час двум чыноўнікам-спартоўцам стала дрэнна — 48-гадоваму Рыспаю Аліеву, начальніку аддзела сельскай гаспадаркі Ерэйментаўскага раёна, а таксама 63-гадоваму Кентаю Хасенаву, сакратару Зерэндзінскага масліхата.
Абодва мужчыны памерлі паводле папярэдніх дадзеных ад сардэчнай недастатковасці, паведамляе rosbalt.ru са спасылкай на «Янтарный край». Смерць наступіла яшчэ да прыезду ўрачоў.
Нагадаем, у лютым аналагічны выпадак адбыўся ў Беларусі. Падчас лыжнага забегу, які праводзіўся на ўказанне Аляксандра Лукашэнкі, памёр кіраўнік Абрубскага сельсавета Віцебскай вобласці Васіль Арлоўскі. Урачы канстатавалі, што ў яго была арытмія сэрца.