Моладзь адмаўляецца плаціць за праязныя білеты больш
20- 2.03.2010, 10:19
Прадстаўнікі арганізацыі «Маладая Беларусь» правялі 1 сакавіка ў Менску акцыю супраць падвышэння кошту праезду ў грамадскім транспарце.
Паводле паведамлення прэс-службы арганізацыі, у раёне парка Чалюскінцаў яны вывесілі два плакаты са словамі: «700 р. плаціць не будзем!!!»
Плакаты правіселі каля гадзіны, пасля чаго былі знятыя супрацоўнікамі дэпартамента аховы МУС.
«Ні зарплаты, ні стыпендыі фактычна не падвышаюцца. Хутчэй, яны павольна змяншаюцца, зыходзячы з узроўня інфляцыі. Увесь час даражэюць тавары першай неабходнасці, цяпер узнялі кошт праезду ў грамадскім транспарце і на аўтамабільнае паліва», — адзначыў у інтэрв'ю БелаПАН прадстаўнік арганізацыі Антон Русін.
Ён лічыць неабходным звярнуць на гэта ўвагу людзей, асабліва перад «выбарамі» у мясцовыя саветы. Людзі павінны адказна ставіцца да выбараў «дэпутатаў», якія потым вырашаюць такія жыццёва важныя пытанні, у прыватнасці, як кошт праезду ў грамадскім транспарце», — падкрэсліў актывіст.