За гібель незалежнага журналіста чыноўнікі атрымалі вымовы
2- 2.03.2010, 15:45
Пасля смерці магілёўскага журналіста Вадзіма Аршынскага ў Магілёве была створана адмысловая камісія па расследаванні здарэння.
Як нагадвае «Радыё Свабода», 18 лютага ў Магілёве загінуў журналіст, які супрацоўнічаў з беларускімі незалежнымі СМІ - Вадзім Аршынскі. На яго абваліўся казырок над пад’ездам дома (Першамайская, 20), дзе ён жыў. Казырок абваліўся пад цяжарам будаўнічага друзу і снежнай наледзі.
Сёння афіцыйныя крыніцы паведамілі, што камісія Магілёўскага гарвыканкама, створаная па факце здарэння, вынесла вымову кіраўніку Ленінскага райвыканкама Уладзіміру Цумараву і першаму яго намесніку, а таксама генеральнаму дырэктару гарадскога камунальнага прадпрыемства. Звольненыя з працы двое супрацоўнікаў жыллёва-камунальнай управы № 1, у тым ліку і яе кіраўнік. Пастанову камісіі падпісаў старшыня гарвыканкама Станіслаў Барадаўка.
Афіцыйныя крыніцы таксама адзначаюць, што сваёй пастановы не вынесла яшчэ пракуратура.
Вадзіма Аршынскага пахавалі 20 лютага. Яму было пяцьдзясят гадоў. Засталіся жонка і двое сыноў. На пахаванне прыйшлі журналісты гарадскіх сродкаў масавай інфармацыі – як недзяржаўных, так і дзяржаўных.