5 траўня 2024, Нядзеля, 12:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Літоўцаў насмяшылі заявы беларускіх чыноўнікаў пра бяспеку АЭС

24

«Гарантую: гэта хлусня», - заявіў старшыня літоўскай камісіі ЮНЭСКА.

Кіраўнік беларускай дэлегацыі намеснік дырэктара РУП «БелНДПІэнергапрам» Уладзімір Баброў падчас грамадскіх слуханняў па будаўніцтве Астравецкай АЭС, якія адбыліся ў Вільні 2 сакавіка заявіў, што станцыя не будзе ўздзейнічаць на навакольнае асяроддзе.

Па словах іншых чальцоў дэлегацыі, тэхнічнае забруджванне ракі Віліі-Нярыс будзе ліквідавана шляхам адводу вады ў канавы, а радыёактыўнага забруджвання не будзе наогул, перадае БелаПАН.

Літоўцаў, якія прыйшлі на слуханні, гэтая заява рассмяшыла. «Гарантую: гэта хлусня. Нават калі гаспадыня смажыць бліны, негатыўнае ўздзеянне і тое нейкае бывае, — заявіў старшыня літоўскай камісіі ЮНЭСКА Ромас Пакальніс. — Уздзеянне будзе, можна толькі казаць пра яго аб'ём».

На думку Пакальніса, наіўна меркаваць, што жыхароў Вільні можна пераканаць у бяспецы будучай АЭС: «Вада пасля праходжання агрэгатаў патрапіць у Вільню — вы думаеце, што віленчукі могуць ухваліць такі праект?»

«Натуральна, небяспека існуе, але ў чым яна заключаецца — у рэальных дозах апраменьвання ці толькі ў нашых мазгах?» — заявіў дырэктар Інстытута радыялогіі МНС Беларусі Віктар Аверын.

Паводле яго словаў, праблемы тут хутчэй псіхалагічнага кшталту: «Здароўе чалавека залежыць не толькі ад радыяцыі. Вядома, рызыкі існуюць, але якія яны? Мы ж п'ем, палім, парушаем правілы за рулём аўтамабіля, лятаем на самалёце — гэта таксама радыяцыя».

На пытанне, чаму абраная пляцоўка, якая ўшчыльную прыляглае да літоўскай мяжы і сталіцы, Уладзімір Баброў адказаў, што даследаванні «праходзілі па ўсіх пунктах, усе абраныя пляцоўкі ўзважваліся». «У выніку геалагічных даследаванняў і рэкамендацыяў МАГАТЭ засталася толькі адна прыярытэтная пляцоўка — у Астравецкім раёне», — сказаў Баброў.

На рэпліку з залы, што гэта азначае адсутнасць альтэрнатывы, Баброў заявіў: «У мяне ёсць аналагічныя пытанні да літоўскага боку — вы таксама збіраецеся будаваць АЭС на нашых межах».

Кіраўнік дэлегацыі лічыць, што ў Беларусі любая пляцоўка размяшчалася б паблізу ад межы з іншымі дзяржавамі, таму пры выбары мясцовасці спецыялісты кіраваліся толькі вынікамі геалагічнага даследавання.

У выніку слуханні скончыліся абурэннем і спрэчкамі на падвышаных танах. Шмат якія ўдзельнікі раней часу пакінулі аўдыторыю з прычыны нізкага ўзроўня перакладу, арганізаванага беларускай амбасадай.

«У выпадку, не дай Бог, аварыі, у нас будзе знішчаная сталіца, тэрыторыя краіны забруджаная на 80%. Чаму нічога гэтага няма ў справаздачы? Гэта ж генацыд літоўскага народа!» — заявіла намесніца старшыні камісіі развіцця Віленскай гарадской рады і прадстаўнік некалькіх грамадскіх арганізацыяў Раса Навіцкене.

«Чаму нам кажуць, што няма наогул ніякай небяспекі? Гэтае такое стаўленне да літоўскага народа, што мы такія неадукаваныя і нічога не разумеем? Буду рабіць усё магчымае, каб Літва не ўхваліла такую справаздачу АУНА», — сказала Навіцкене.

З ёй пагадзіўся старшыня экалагічнага таварыства «Атгая» Саўлюс Пікшрыс: «Я падрыхтаваў нямала пытанняў, але па досведзе эксплуатацыі Інгналінскай АЭС убачыў, што няма сэнсу іх задаваць. Тое, што тут казалася, выклікае проста смех — шмат зладжаных і доўгіх прамоваў ні пра што, на канкрэтныя пытанні адказ дадзены не быў. Слуханне АУНА нельга прызнаць сапраўдным».

Падчас імправізаванага галасавання, на абурэнне беларускага амбасадара Уладзіміра Дражына, заява была ўхваленая ўзняццем рук большасці тых, хто сабраліся ў зале. «Па якім праве вы праводзіце галасаванне? Мы яшчэ не прымаем рашэнне», — сказаў Дражын. «А мы, сход, ужо прынялі», — заявіла Навіцкене.

Пасля заканчэння сходу Дражын заявіў журналістам, што, нягледзячы на цяжкасці, удзельнікі сходу змаглі зразумець адно аднаго і варта лічыць, што слуханні адбыліся.

З гэтым не пагадзіліся не толькі літоўцы, але і прадстаўнікі беларускай грамадскасці, якія прыехалі ў Вільню.

«Я здзівілася, як дрэнна былі арганізаваныя слуханні, не кажучы ўжо пра якасць адказаў на пытанні літоўскага Міністэрства аховы навакольнага асяроддзя, — заявіла старшыня арганізацыі «Экадом» Ірына Сухій. — На пытанне пра дозу апраменьвання ў Вільні нашыя не адказалі наогул».

«Справаздача аб АУНА зробленая нядобрасумленна, з мноствам найгрубейшых памылак», — лічыць Сухій.

Пасля заканэчння слуханняў літоўская грамадскасць павінна да канца месяца накіраваць сваю рэакцыю ў Міністэрства аховы навакольнага асяроддзя краіны. З улікам гэтых пажаданняў Літва сфармуе пазіцыю па будаўніцтве Беларуссю АЭС, але правам вета яна, як любая замежная дзяржава, не валодае.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках