19 красавiка 2024, Пятніца, 8:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларуская АЭС больш не патрэбна Расеі

28

Занепакоенасць Мінэнерга Беларусі зацягваннем расейскім бокам рашэння пытання аб выдачы крэдыту на будаўніцтва беларускай АЭС узнікла не на пустым месцы.

Больш за тое, мяркуючы па дзеяннях расейскіх уладаў, учорашнюю заяву намесніка міністра энергетыкі Беларусі Міхаіла Міхадзюка варта разумець наступным чынам: «А ці будзе наогул беларуская АЭС?»

Учора ўрад РФ узгадніў пляцоўку размяшчэння АЭС у Калінінградскай вобласці. Балтыйская АЭС будзе пабудаваная ў Нёманскім раёне, гаворыцца ў распараджэнні Уладзіміра Пуціна ад 20 лютага, тэкст якога апублікаваны на сайце расейскага ўрада.

Балтыйская АЭС стане першай атамнай станцыяй, якая будзе будавацца ў РФ на абсалютна новай пляцоўцы, а таксама першай АЭС, у капітале якой паводле рашэння ўрада змогуць прыняць удзел прыватныя, у тым ліку замежныя інвестары. «Расатам» гатовы даць ім да 49%, паведамляе АФН.

Як распавяла прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ, прэм'ер РФ Пуцін угаворваў Літву прыняць удзел у будаўніцтве Балтыйскай АЭС.

«Так, запрашаў, практычна пераконваў, што атамная станцыя ў Калінінградзе важная, непазбежная, і што для Літвы будзе выгадна ў гэтым удзельнічаць», - распавяла свету Грыбаўскайтэ.

Сумарны аб'ём укладанняў у праект ацэньваецца ў 5 млрд еўра з улікам стварэння інфраструктуры, што амаль у 2 разы менш за 9 млрд. даляраў на ўзвядзенне Беларускай АЭС, якія запрошвае Беларусь.

Разам з тым параметры Балтыйскай АЭС адзін у адзін паўтараюць раней агучаныя параметры Беларускай АЭС: 2 блокі па праекце «АЭС-2006» з рэактарамі тыпу ВВЭР-1200, усталяваная магутнасць станцыі - 2300 МВт (без уліку 100 МВт для ўласных патрэбаў АЭС), увод першага блока - 2016 год, другога - 2018 год.

Праект ужо атрымаў станоўчае заключэнне экалагічнай і галоўнай дзяржаўнай экспертызы, таксама атрымана ліцэнзія Растэхнагляду на размяшчэнне станцыі, у той час як беларускія ўлады дагэтуль не могуць узгадніць з суседнімі дзяржавамі праект Ацэнкі ўздзеяння Беларускай АЭС на навакольнае асяроддзе (ОВОС).

Сёння Міхадзюк паведаміў, што на Астравецкай пляцоўцы (месца размяшчэння Беларускай АЭС) ужо пачата пракладка чыгуначных і аўтамабільных дарог, будаўніцтва яшчэ аднаго жылога дома для супрацоўнікаў станцыі. Аднак да гэтага часу не названыя падрадчыкі падрыхтоўчых прац, што ставіць пад сумненне рэальнасць выканання названых чыноўнікам прац.

Тэндэр на генпадрад па падрыхтоўчых працах Балтыйскай АЭС выйграла ААТ «Паўночнае ўпраўленне будаўніцтва» (арыенціровачны кошт кантракту - 13,1 млрд рублёў). Генпраекціроўшчыкам АЭС з'яўляецца пецярбургскі «Атамэнергапраект».

Атамэнергапраект называўся ў якасці праекціроўшчыка Беларускай АЭС.

Адзінае адрозненне заключаецца ў тым, што Расея казала пра магчымасць вылучэння крэдыту і будаўніцтва Беларускай АЭС толькі пры ўмове пастаўкі электраэнергіі, якая вырабляецца, на ўнутраны беларускі рынак для замяшчэння імпарту газу і іншых вуглевадародаў.

Балтыйская АЭС будзе забяспечваць электраэнергіяй не толькі Калінінградскую вобласць, але і суседнія краіны ЕЗ. У канцы красавіка мяркуецца правесці канферэнцыю з удзелам сумежных дзяржаў, дзе будуць абмяркоўвацца пытанні схемы выдачы магутнасці.

Асабліва варта адзначыць, што цырымонія афіцыйнай закладкі Балтыйскай АЭС запланаваная ўжо на 25 лютага, у той час як у Беларусі да гэтага ніхто ў вочы не бачыў указ аб зацвярджэнні Астравецкай пляцоўкі для будаўніцтва станцыі.

У агульным, выснова напрошваецца сам сабою праект, які выношваецца беларускімі ўладамі гадамі, будзе рэалізаваны ў Калінінградскай вобласці пад назвай Балтыйская АЭС.

Адзначым, што сёння амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў заявіў, што Расея будзе крэдытаваць будаўніцтва беларускай АЭС у частцы стварэння інфраструктуры і тэхналогій. «Але ў любым выпадку сродкі расейскага крэдыту павінны пайсці на тэхналагічны працэс, інфраструктуру, звязаную з тэхналогіямі. Астатняе - за беларускія грошы», - адзначыў Сурыкаў.

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках