Андрэй Касціцын дапамог «Манрэалю» перамагчы «Вашынгтон»
- 27.04.2010, 16:10
Беларускі хакеіст правёў на пляцоўцы 16 хвілін і 28 секунд, адзначыўся выніковым пасам і паказчыкам карыснасці «+2».
Выніковы пас Касціцына на апошняй хвіліне трэцяга перыяду дапамог «Манрэалю» атрымаць перамогу над «Вашынгтонам» ў шостым матчы 1 / 8 фіналу Кубка Стэнлі. Цяпер лік у серыі гэтых каманд роўны - 3:3, і пуцёўка ў чвэрцьфінал дастанецца таму клубу, на баку якога будзе поспех у сёмай сустрэчы, паведамляе «Інтэрфакс».
У першым перыядзе матчу дублем адзначыўся Каммалеры, у другім сапернікі не адзначаліся закінутымі шайбамі, а ў трэцім Лап’ер давёў перавагу «Канадыенс» да трох шайб. Адзінае, што ўдалося ў гэтай сітуацыі зрабіць гульцам «Вашынгтона», - гэта адыграць адну з шайбаў. Яе на свой кошт запісаў Фер.
За 57 секунд да заканчэння трэцяга перыяду чырвоны ліхтар за варотамі «Вашынгтона» запаліў у чацвёрты раз: шайбу з перадачы Камамалеры і Андрэя Касціцына закінуў Марцін Плеканец. Адбылося гэта пасля таго, як трэнеры «Вашынгтона» распачалі спробу выратаваць становішча, замяніўшы брамніка шостым палявым гульцом.
Паказальныя суадносіны кідкоў у гэтым матчы: хакеісты «Манрэаля» 21 раз (10 +3+8) атакавалі вароты сапернікаў, гульцы «Вашынгтона» турбавалі галкіпера гаспадароў 54 разы (18+14+22). Нядзіўна, што першай зоркай матчу быў прызнаны галкіпер «Канадыенс» Яраслаў Галак, які зрабіў 53 «сэйвы».
Андрэй Касціцын правёў на пляцоўцы 16 хвілін і 28 секунд, адзначыўся выніковым пасам і паказчыкам карыснасці «+2», а таксама зрабіў 1 кідок па браме супернікаў. Сяргей Касціцын у шостым матчы 1 / 8 фіналу ўдзелу не прымаў. Сёмы матч паміж «Манрэаль» і «Вашынгтонам» пройдзе 28 красавіка ў сталіцы ЗША.
Гэтай жа ноччу перамогамі завяршылі свае серыі з аднолькавым лікам 4:2 «Бостан» і «Чыкага». Яны зламалі супраціў «Бафала» і «Нэшвіла».