16 чэрвеня 2024, Нядзеля, 8:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Легенда НХЛ родам з Беларусі (Фота)

Першы ў гісторыі НХЛ хакеіст польскага паходжання нарадзіўся ў Беларусі і размаўляў на беларускай мове.

Янак Мішук нарадзіўся 29 верасня 1940 года на вуліцы Наваградскай (сёння Ліпеньская) у Налібоках.

У жніўні 1943-га года Мішукоў, як і сотні іншых налібачан, вывезлі ў Нямеччыну. Адтуль, пасля вайны, яны перабраліся ў Канаду, паведамляе «Наша Ніва» са спасылкай на блогера hurnievic.

Будучы падлеткам, Янак пачаў гуляць за юнацкую каманду Hamilton Kitty. Свой першы сезон 1957-1958 гуляў за Hamilton Tiger Cubs. У 1961 годзе Ян Мішук апрануў майку Edmonton Flyers (WHL). На працягу двух гадоў згуляў 124 матчы і забіў 14 шайбаў. У 1963 годзе яго запрасіла да сябе каманда Detroit Red Wings - найстарэйшая і адна з найбольш тытулаваных камандаў лігі НХЛ.

Наступнай прыгодай з НХЛ стала гульня за Philadelphia Flyers. Далей Chicago Blackhawks, Minnesota North Stars, Michigan Stags, Baltimore Blades, Calgary Cowboys.

Сусветна вядомы налібачанін Ян (Джон) Мішук стаў першым у гісторыі НХЛ хакеістам польскага паходжання. Яго першай роднай мовай была, натуральна, беларуская.

Пасля сыходу на пенсію Ян Мішук заняўся бізнэсам - адкрыў гандлёвую сетку крамаў і паспяхова займаецца бізнэсам да сённяшняга дня. Ён таксама прымае ўдзел у жыцці польскай дыяспары ў Канадзе.

У Налібоках па сённяшні дзень жыве траюрадны брат Яна Мішука - Уладек. А ў Нью-Ёрку - беларускамоўныя сваякі, якія ходзяць у Царкву Кірылы Тураўскага.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках