Прыватныя правайдэры ідуць ва-банк
53- 20.05.2010, 17:06
У інтэрнэце з'явіліся скрыншоты ліста прыватных інтэрнэт-правайдэраў ураду аб тым, што яны не могуць выканаць указ №60.
Скрыншоты былі распаўсюджаныя PR-агенцтвам ЕТС, якое займаецца PR-падтрымкай аднаго з буйных прыватных правайдэраў, паведамляе Electroname.com.
У лісце аператары сувязі ў чарговы раз скардзяцца на манапаліста, які адвольна ўсталёўвае кошты для канчатковых спажыўцоў і аператараў сувязі на доступ у інтэрнэт, і папярэджваюць, што не змогуць выканаць палажэнні ўказа №60.
«У выпадку непрыняцця тэрміновых мераў па нашых ацэнках галіна недаатрымае толькі на працягу найбліжэйшых паўтарох гадоў каля аднаго трыльёна беларускіх рублёў інвестыцяў; працоўных месцаў пазбавяцца 20.000 чалавек - высокакваліфікаваных супрацоўнікаў», паведамляюць у лісце правайдэры.
Мяркуючы па спісе дырэктараў кампаніяў, да якіх, на думку PR-агенцтва, варта звяртацца па каментары, ліст падпісалі Забелаў Ю.Г. ТАА «Анітэкс», Пакрышка Л.М. ТАА «АйПіТэлКам», М.В.Ляўданскі ТДА «Айчына-Плюс», Сукач І.М. ІП АЦС, Бітно Ю.Л. ТАА «Белінфанэт», Васільеў А.А. СП ЗАТ «Весабел», Івашкевіч В.І. ЗАТ «Сола», Хмялеўскі А.А. ТАА «Тэлкам Медыя», Колб А.А. ЗАТ «Нэтворк сістэмз».
Як паведамляў Electroname.com раней, большасць прыватных інтэрнэт-правайдэраў пасля рашэння «Белтэлекама» пра зніжэнне ў 10 разоў коштаў для юрыдычных асобаў апынуліся на мяжы банкруцтва. Каб спрацаваць у нуль і прапанаваць канчатковым спажыўцам падобныя безлімітныя ўмовы, прыватны правайдэр павінен ухітрыцца павесіць на адзін канал мінімум 12 кліентаў. На мове аператараў сувязі гэта называецца мультыплікатарам, які фізічна не можа быць больш за 2-3.
Просьба прыватных правайдэраў разабрацца, адрасаваная міністэрству эканомікі, больш нагадвае крок роспачы.


