17 чэрвеня 2026, Серада, 11:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Мілінкевіч: спроба № 2 (Фота)

57

Лідэр руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч абвясціў сёння, што будзе ўдзельнічаць у наступных выбарах прэзыдэнта.

Лідэр руху «За Свабоду» сабраў у гатэлі «Еўропа» журналістаў, грамадскіх дзеячаў і палітыкаў, каб заявіць пра тое, што ён вырашыў балатавацца кандыдатам у прэзідэнцкіх выбарах 2011 года. Палітык прадставіў тэзісы сваёй палітычнай праграмы, якія насілі назву «Зробім Беларусь сапраўднай Еўропай», перадае «Радыё Свабода».

Праграма ўяўляе сабой у палітычным плане правацэнтрысцкі погляд на развіццё краіны, у эканамічным плане - лібэральны. Мілінкевіч выступае, у прыватнасці, за вяртанне да Канстытуцыі 1994 года, за далучэнне Беларусі да Еўрапейскага саюзу, за магчымасць продажу зямлі, за адмову ад будаўніцтва ўласнай АЭС, а ўзамен прапануе энергазберажэнне.

У замежнай палітыцы Мілінкевіч заклікае да палітыкі добрасуседства і падрыхтоўцы Беларусі да далучэння да Еўразвязу. У ваенна-палітычнай галіне ён выказаўся за нэйтральны статус Беларусі.

Сваю стратэгію Аляксандр Мілінкевіч выказаў наступным чынам: ці ўлады сумленна праводзяць выбары, ці народ выходзіць на дэманстрацыі пратэсту. Ён нагадаў уладам, што было ў Румыніі і Чэхіі. Мілінкевіч таксама заявіў, што разлічвае на падтрымку актывістаў партыі і ўдзельнікаў Беларускага народнага блёку, грамадскіх арганізацый і грамадзянскай супольнасці, і асабліва моладзі, якая далучыцца да яго кампаніі.

За час усяго выступлення Аляксандр Мілінкевіч толькі адзін раз узгадаў Лукашэнка, адзначыўшы, што ён прыйшоў да ўлады на хвалі барацьбы з карупцыяй, але зараз карупцыя пануе ў грамадстве. А таксама адказаў на пытанне пра Зянона Пазняка, сказаўшы, што хацеў бы, каб той вярнуўся ў Беларусь.

Напісаць каментар 57

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках