17 траўня 2024, Пятніца, 15:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

10 гадоў таму ў Беларусі быў выкрадзены журналіст Дзмітрый Завадскі (Фота, відэа)

35
10 гадоў таму ў Беларусі быў выкрадзены журналіст Дзмітрый Завадскі (Фота, відэа)

За гэтыя гады было сабрана шмат доказаў таго, што ў Беларусі дзейнічаюць «эскадроны смерці».

Аператар расейскага тэлеканала ОРТ, які да гэтага працаваў асабістым аператарам Аляксандра Лукашэнкі, Дзмітрый Завадскі знік пры нявысветленых абставінах 7 ліпеня 2000 г. па дарозе ў аэрапорт «Менск-2». Менш чым за год да гэтага ў краіне былі выкрадзеныя лідэры апазіцыі - былы міністр унутраных спраў Юрый Захаранка, віцэ-спікер Вярхоўнага Савета Віктар Ганчар і бізнесмен і грамадскі дзеяч Анатоль Красоўскі.

Справа пра знікненне Завадскага - адзіная, якая скончылася судом і пакараннем былых афіцэраў беларускага «Алмаза» (антытэрарыстычнага падраздзялення МУС). Былыя афіцэры Валерый Ігнатовіч і Максім Малік асуджаныя на пажыццёвае зняволенне.

Усе прысуды былі вынесеныя судом у закрытым парадку. Ніякіх доказаў дачынення асуджаных да выкрадання Дзмітрыя Завадскага грамадскасці прадстаўлена не было. Ні адзін з іх сваёй віны не прызнаў. Цела зніклага журналіста следствам выяўлена не было.

У вачах грамадскасці абвінавачванне па справе Завадскага і судовае разбіральніцтва было сфабрыкавана з мэтай не падымаць шуму вакол выкрадання. За краты былі адпраўленыя ўжо незапатрабаваныя выканаўцы, што здзяйснялі раней іншыя злачынствы.

Расследаванне журналістаў

У беларускіх і расейскіх СМІ з'яўляюцца розныя версіі, звязаныя са знікненнем Дзмітрыя Завадскага. Так, у 2001 годзе журналіст Павел Шарамет заявіў, што зацікаўленымі ў знішчэнні Завадскага былі кіраўнікі беларускіх спецслужбаў, бо Завадскі быў сведкам іх дзейнасці ў Чачні.

Як пісалі беларускія СМІ, у асуджаных за выкраданне Завадскага афіцэраў спецназа Ігнатовіча і Маліка, сапраўды, была адна сустрэча з журналістам - у Чачні. Ігнатовіч, як высветлілася, прыязджаў туды рэгулярна. А з сакавіка і зусім па дакументах лічыўся служачым у брыгадзе расейскага ДРУ ў Маздоку. Але да таго, у пачатку 2000 года, быў затрыманы на блокпасце. Яго дапыталі, і ён сказаў, што прыехаў ваяваць у расейскай арміі. Сведкам затрымання стаў аператар Завадскі.

Прызнанні следчых

У выніку расследавання, праведзенага сумеснай следчай групай з супрацоўнікаў КДБ і МУС, стала вядома, што да выкраданняў і забойстваў маюць дачыненне высокапастаўленыя супрацоўнікі сілавых структур - былы кіраўнік МУС Юрый Сівакоў, у той час міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў, камандзір спецатрада хуткага рэагавання Дзмітрый Паўлічэнка і дзяржсакратар Савета бяспекі Віктар Шэйман.

23 лістапада 2000 быў арыштаваны камандзір беларускага САХРу Дзмітрый Паўлічэнка. У камеры ён правёў 7 гадзін, пасля чаго ў СІЗА прыехаў сам Аляксандр Лукашэнка. Асабістым загадам ён вызваліў камандзіра САХРу, затрыманага па падазрэнні ў здзяйсненні выкраданняў і забойстваў.

27 лістапада сваіх пасадаў пазбавіліся генеральны пракурор Алег Бажэлка і старшыня КДБ Уладзімер Мацкевіч. На месца генпракурора быў прызначаны адзін з падазроных - Віктар Шэйман, які не меў нават юрыдычнай адукацыі.

Яшчэ праз паўгода словазлучэнне «эскадрон смерці» нарэшце загучала ўсюды. З МУС адбылася ўцечка, і ўсе незалежныя газеты апублікавалі рапарт начальніка крымінальнай міліцыі МУС Беларусі Мікалая Лапаціка міністру Навумаву пра тое, што ўсе зніклыя без вестак забітыя. Арганізоўвалі забойства Дзмітрый Паўлічэнка і Юрый Сівакоў па загадзе Віктара Шэймана. Напярэдадні знікненняў Захаранкі, Ганчара і Красоўскага з СІЗА № 1 канфіскавалі расстрэльны пісталет - таксама па загадзе Юрыя Сівакова. Начальніка крымінальнай міліцыі адправілі ў адстаўку. З тых часоў пра генерала Лапаціка ніхто не чуў.

Рапарт генерала Лапаціка

«Расстрэльны» пісталет, з якога, як мяркуецца, забівалі апазіцыянераў

Супрацоўнік следчай групы пракуратуры Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Петрушкевіч апублікаваў 11 чэрвеня 2001 г новую інфармацыю, што датычыцца расследавання «гучных справаў» пра знікненні ў Беларусі вядомых людзей. Са словаў Петрушкевіча і яшчэ аднаго чалавека - былога супрацоўніка пракуратуры Алега Случака - вынікае, што ў Беларусі па загадзе ўладаў створана спецыяльная група, якая займаецца ліквідацыяй непажаданых уладзе людзей. Менавіта ў гэты «эскадрон смерці» ўваходзяць абвінавачаныя па справе Завадскага спецназаўцы Ігнатовіч і Малік. Група забойцаў, па іх словах, была створана некалькі гадоў таму тагачасным міністрам унутраных справаў Юрыем Сіваковым па загадзе Віктара Шэймана. Узначальвае групу афіцэр спэцназу Дзмітрый Паўлючэнка. Аднак спроба былога генеральнага пракурора Бажэлкі і экс-старшыні КДБ Мацкевіча выкрыць групу і знайсці трупы забітых пры дапамозе спецыяльнай апаратуры скончылася гучнай адстаўкай. Некалькі чалавек, якія ўваходзілі ў следчую групу, памерлі пры нявысветленых абставінах.

Міжнароднае расследаванне

Пра неабходнасць высветліць лёс зніклых беларускіх апазіцыянераў увесь час заяўляе міжнародная супольнасць. Патрабаванне раскрыць праўду пра іх знікненне змяшчаецца ў рэзалюцыях Камісіі ААН па правах чалавека, Парламенцкай асамблей Рады Эўропы і АБСЕ.

Спецдакладчык Парламенцкай асамблеі Рады Эўропы Хрыстас Пургурыдэс, правёўшы незалежнае расследаванне абставінаў знікнення ў Беларусі Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Дзмітрыя Завадскага ў дакладзе «Зніклыя людзі Беларусі», заявіў, што да гвалтоўных знікненняў у Беларусі датычныя беларускія чыноўнікі вышэйшага рангу.

З дакладу Хрыстаса Пургурыдэса:

«Пачынаючы з 24 кастрычніка 2001 года, чатырох чалавек (В. Ігнатовіча, М. Маліка, А. Гуза і С. Савушкіна) судзілі на закрытым пасяджэнні за выкраданне сп Завадскага. Сп. Аксёнчык, адвакат, які прадстаўляе маці Завадскага, хадайнічаў перад судом, каб працэс праводзіўся ў адкрытым пасяджэнні, у чым было адмоўлена. Некалькі запытаў наконт атрымання сведчанняў, накіраваных адвакатамі сям'і Завадскага, былі судом адхіленыя. 14 сакавіка 2002 гола чатыры чалавекі былі асуджаныя на доўгія турэмныя тэрміны за выкраданне Завадскага (але не за забойства, бо цела не было знойдзена) на падставе, між іншым, сапёрнай лапаткі з крывёю Завадскага, знойдзенай у аўтамабілі Ігнатовіча. Асуджаныя, як паведамляецца, працягваюць сцвярджаць пра сваю невінаватасць, называючы судовы працэс фарсам. Былы Генеральны пракурор Бажэлка, як мне распавёў адзін з адвакатаў сем'яў, прысутнічаў на судовым працэсе як сведка, але пераважна адмаўляўся сведчыць на падставе палажэння Крымінальна-працэсуальнага кодэкса, які дазваляе следчым абараняць свае крыніцы.

Паводле абвінавачання, матывам, паводле якога Ігнатовіч і яго банда здзейснілі злачынства супраць Завадскага, была помста, таму што Завадскі публічна абвінаваціў Ігнатовіча ва ўдзеле ў вайне ў Чачні на баку паўстанцаў.

Большасць маіх суразмоўцаў з боку сем'яў сцвярджаюць, што знікненне Завадскага адносіцца да той жа лініі знікненняў, што і знікненні Захаранкі, Ганчара і Красоўскага, бо меўся падобны палітычны матыў: адплаціь за «здраду» супраць прэзідэнта, на якога сп. Завадскі калісьці працаваў як асабісты аператар, перш чым ён пачаў працаваць супраць прэзідэнта як журналіст «варожых» медый.

На мой погляд, улічваючы тое, што расстрэльны пісталет не быў выдадзены прыкладна ў час знікнення сп Завадзкага, цалкам можа быць, што няма непасрэднай арганізацыйнай сувязі паміж гэтай справай і іншымі трыма. Магло быць таксама так, што «банда Ігнатовіча» забіла Завадскага, каб звесці асабістыя рахункі сп Ігнатовіча з гэтым журналістам, у той час як яе чальцы ці некаторыя з іх маглі быць па супадзенні далучаныя да нібы сакрэтнага эскадрону расстрэлаў у іншых выпадках. У любым выпадку, сцвярджэнне зробленае для таго, каб падтрымаць неабходнасць правядзення закрытага судовага пасяджэння - у адваротным выпадку сведкі будуць баяцца даваць паказанні, - на мой погляд, не вытрымлівае крытыкі: калі б сведкі баяліся банды, факт правядзення закрытага судовага працэсу не рабіў бы ніякай розніцы, бо чальцы банды ў любым выпадку прысутнічалі ў судзе».


Расследаванне расейскага тэлеканала НТВ

4 ліпеня 2010 г. расейскі тэлеканал НТВ распавёў праўду пра палітычныя знікненні і забойствы апазіцыянераў у Беларусі.

У праграме «Надзвычайнае здарэнне» на тэлеканале НТВ быў паказаны фільм «Хросны бацька», у якім было расказана пра загадкаваю смерць віцэ-спікера Вярхоўнага Савета Беларусі Генадзя Карпенкі, выкраданні і забойствы былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі, віцэ-спікера Вярхоўнага Савета, былога кіраўніка Цэнтрвыбаркама Віктара Ганчара, журналіста Дзмітрыя Завадскага, бізнесмена і грамадскага дзеяча Анатоля Красоўскага. У фільме прыводзяцца архіўныя інтэрв'ю з выкраданняў апазіцыянераў і іх сваякамі, і наўпрост гаворыцца пра датычнасць беларускіх уладаў да знішчэння палітычных апанентаў.

Поўная версія фільма:

Трэйлер:

Напісаць каментар 35

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках