12 лiпеня 2024, Пятніца, 13:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусь не ўпускаюць Хрыстаса Пургурыдэса – аўтара даклада аб забойствах лідэраў апазіцыі

2
У Беларусь не ўпускаюць Хрыстаса Пургурыдэса – аўтара даклада аб забойствах лідэраў апазіцыі

Хрыстас Пургурыдэс быў спецдакладчыкам ПАРЕ па Беларусі і займаўся расследаваннем знікненняў апазіцыйных палітыкаў.

Запрошаны на Беларускі Еўрапейскі Форум дэпутат Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы Хрыстас Пургурыдэс не зможа прыехаць у Беларусь. Падчас сустрэчы прадстаўнікоў ПАРЕ з кіраўніком місіі Беларусі пры Радзе Еўропы Андрэем Бушылам было заяўлена, што беларускія ўлады не дазволяць Хрыстасу Пургурыдэсу прыехаць у Беларусь, паведамляе рух «За Свабоду».

Прадстаўнік беларускага ўрада даў зразумець, што вядомы кіпрскі парламентар не атрымае візу ні ў беларускім консульстве ў Парыжы, ні ў менскім аэрапорце.

Хрыстас Пургурыдэс у 2004 годзе быў спецдакладчыкам ПАРЕ па Беларусі і займаўся расследаваннем знікненняў апазіцыйных палітыкаў. Зараз дэпутат кіпрскага парламента з’яўляецца першым намеснікам Старшыні Камітэту ПАРЕ па юрыдычных справах і правах чалавека.

Як ужо паведамляў сайт charter97.org, спецдакладчык Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы, правёўшы незалежнае расследаванне абставінаў знікнення ў Беларусі Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Змітра Завадскага ў дакладзе «Зніклыя людзі Беларусі», заявіў, што да гвалтоўных знікненняў у Беларусі датычны беларускія чыноўнікі вышэйшага рангу.

У выніку ПАРЕ прыняла рэзалюцыю, у якой заклікала Беларусь дапытаць названых у дакладзе падазроных і правесці адкрытае расследаванне выпадкаў знікненняў. Але ўлады Беларусі дагэтуль ігнаруюць патрабаванні ПАРЕ. Пра лёсы гвалтоўна зніклых апазіцыянераў па сённяшні дзень нічога не вядома.

Нагадаем, што ў 1999-2000 гадах у Беларусі зніклі першы віцэ-спікер Вярхоўнага Савета Беларусі 13 склікання, старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Віктар Ганчар, бізнэсмэн і грамадскі дзеяч Анатоль Красоўскі, экс-кіраўнік МУС, які пасля стаў апазіцыйным палітыкам, Юры Захаранка, аператар ОРТ Зміцер Завадскі.

Пра неабходнасць высветліць лёс зніклых беларускіх апазіцыянераў увесь час заяўляе міжнародная супольнасць. Патрабаванне раскрыць праўду аб іх знікненні ўтрымліваецца ў рэзалюцыях Камісіі ААН па правах чалавека, Парламенцкіх асамблеяў Рады Еўропы і АБСЕ.

Шэрагу высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў, у прыватнасці экс-міністру ўнутраных спраў Уладзіміру Навумаву, былому сакратару Савета бяспекі Віктару Шэйману, былому кіраўніку МУС Юрыю Сівакову і экс-камандзіру СОБРа Дзмітрыю Паўлічэнку забаронены ўезд у краіны Еўразвязу і ЗША з-за падазрэнняў у іх датычнасці да выкраданняў апазіцыянераў.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках