9 траўня 2024, Чацвер, 2:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Следчыя «не выключаюць» палітычную версію знікнення Захаранкі

23

Пра гэта ў лісце маці экс-кіраўніка МУС паведаміў намеснік генпракурора Віктар Конан.

Нагадаем, што не так даўно Ульяна Захаранка напісала зварот на імя генеральнага пракурора Рыгора Васілевіча, у якім прасіла «даць поўную інфармацыю пра тое, што зроблена органамі пракуратуры за адзінаццаць гадоў у пошуках майго сына і тых асобаў, хто яго гвалтам выкраў». Рыгор Васілевіч сам адказваць на ліст маці Захаранкі не стаў, а даручыў гэта зрабіць свайму намесніку Віктару Конану, піша «Народная воля».

«Пракуратура горада Менска працягвае расследаванне крымінальнай справы, узбуджанай па прыкметах злачынства, прадугледжанага арт.101 КК Рэспублікі Беларусь у рэдакцыі 1960 года (наўмыснае забойства), па факце знікнення вашага сына — Захаранкі Ю.А., — напісана ў дакуменце за подпісам Конана. — Тэрмін следства па гэтай справе падоўжаны да 24.09.2010.

Праца па раскрыцці і расследаванні гэтага злачынства працягваецца. Высунутыя і даследуюцца розныя версіі здзяйснення ў дачыненні да Захаранкі Ю.А. супрацьпраўных дзеянняў, у тым ліку з карыслівасці, на глебе асабістых непрыязных адносінаў, у сувязі з яго палітычнай дзейнасцю, а таксама шэраг іншых.

Нягледзячы на меры, якія прыймаюцца, выявіць месцазнаходжанне Захаранкі Ю.М., а таксама канкрэтную асобу, датычную да гэтага, да цяперашняга часу не было магчымым.

У сувязі з тым, што папярэдняе расследаванне па названай крымінальнай справе не скончанае, звесткі пра канкрэтныя аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы і следчыя дзеянні, якія праводзяцца па ёй, да заканчэння расследавання разгалошванню не падлягаюць.

У частцы хадайніцтва аб вынясенні пратэсту на рашэнне суда Кастрычніцкага раёна г.Менска па грамадзянскай справе аб прызнанні Захаранкі Ю.А. памерлым ваш зварот накіраваны пракурору горада Менска для разгляду і апавяшчэння вас аб выніках.

В.А.КОНАН, намеснік генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь».

— Варта адзначыць, што гэта першы за 12 гадоў адказ з Генпракуратуры па справе Захаранкі за подпісам высокага чыноўніка, — каментуе па просьбе «Народнай Волі» пракурорскі адказ праваабаронца і былы следчы Алег Воўчак. — Хаця я, вядома, чакаў больш разгорнутага адказу. Тым больш што мы разам з Ульянай Рыгораўнай на чатырох лістах сфармулявалі цалкам канкрэтныя пытанні, на якія прасілі даць адказ. Папера за подпісам Віктара Конана — вельмі павярхоўная, быццам сфабрыкаваная наспех. Ужо літаральна з першага абзаца стала зразумела, што Конан дастаткова фармальна паставіўся да падрыхтоўкі адказу Ульяне Рыгораўне. У афіцыйнай паперы ёсць недаравальныя для чыноўніка такога рангу памылкі. Так, у першых двух абзацах ён піша, што справа ўзбуджаная па забойстве Захаранкі Ю.А., а далей вядзецца гаворка пра Захаранку Ю.М. Можа, гаворка ідзе пра двух розных людзей? І справа нейкага Захаранкі Ю.А. аб'яднаная разам са справай Захаранкі Юрыя Мікалаевіча?

Магчыма, Конан не сам рыхтаваў гэты адказ, а яму проста прынеслі паперу на подпіс. Ну так ты хоць прачытай, што падпісваеш, таварыш пракурор! Тым больш гэтая справа мае велізарны грамадскі рэзананс...

Усе гэтыя гады нас цікавіла, ці адпрацоўвала следства палітычную версію знікнення генерала Захаранкі. Мы неаднаразова пыталіся, ці былі ў межах крымінальнай справы дапытаныя Віктар Шэйман, Юры Сівакоў, Дзмітры Паўлічэнка, Уладзімір Навумаў, а таксама Аляксандр Лукашэнка, які неаднаразова заяўляў пра тое, што яму вядома, быццам Захаранка жывы і знаходзіцца ў Германіі, а затым — што яго забілі нібыта з-за крымінальных грошай. Мы чакалі, што ў адказе з пракуратуры будзе сказана: маўляў, гэтыя людзі дапытваліся, але іх датычнасць да знікнення Захаранкі, напрыклад, не выяўленая. Але калі нам так не напісалі, значыць, гэтая версія застаецца актуальнай. Магчыма, следчыя над ёй яшчэ працуюць.

Конан піша: «Нягледзячы на меры, якія прыймаюцца, выявіць месцазнаходжанне Захаранкі Ю.М. ...не было магчымым». Але яшчэ 10 гадоў таму ў сваім рапарце былы начальнік крымінальнай міліцыі МУС Беларусі генерал-лейтэнант Мікалай Лапацік напісаў, што месца пахавання трупа Захаранкі — «спецучастак апошніх магілаў на Паўночных могілках». Былы генпракурор Алег Бажэлка быў гатовы пацвердзіць словы Лапаціка і нават замовіў у Расеі ў свайго калегі генпракурора Усцінава спецабсталяванне. Аднак Бажэлку знялі, на яго месца прыйшоў Віктар Шэйман, і ад заяўкі на спецабсталяванне па пошуку трупаў адмовіліся. Узнікае пытанне: чаму следчыя, якія сёння вядуць справу Захаранкі, не могуць настоіць на тым, каб самым уважлівым чынам даследаваць тое месца, пра якое піша Лапацік у сваім рапарце? Можа, ім хтосьці не дазваляе гэтага зрабіць?.. Навошта адпрацоўваць іншыя версіі, калі спачатку трэба разабрацца з самымі галоўнымі?

Самае страшнае, што тэрмін расследавання справаў па артыкуле «наўмыснае забойства» (арт.101 КК Рэспублікі Беларусь у рэдакцыі 1960 года), па якой і ўзбуджаная справа Захаранкі, — 15 гадоў. А ўжо пайшоў 12-ы год. Калі Лукашэнка выйграе прэзідэнцкія выбары і застанецца ва ўладзе яшчэ на пяць гадоў, тая справа Захаранкі хутчэй за ўсё будзе спыненая ў сувязі з заканчэннем тэрмінаў даўнасці. І крымінальна-вышуковая справа, якую вядзе МУС, таксама будзе спыненая. Выснова адна: Лукашэнка не мае права ісці на прэзідэнцкія выбары, пакуль не будзе пастаўленая кропка ў справах аб гучных знікненнях.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках