Гучныя арышты ў Камітэце дзяржкантролю
37- 13.08.2010, 9:46
Камітэтам дзяржбяспекі арыштаваны галоўны следчы Камітэта дзяржкантролю Дзмітры Адамовіч.
Амаль адначасова ад займанай пасады адхілены памочнік старшыні КДК Віктар Пісарык, паведамляе «Штодзённік».
Падчас праверкі органаў фінансавых расследаванняў Беларусі Савет бяспекі выявіў схемы, па якіх адмазваліся ад крымінальнага пераследу бізнэсмэны. Прычым, цэнтральнай асобай па шмат якіх эпізодах такіх схемаў праходзіў менавіта арыштаваны цяпер начальнік Упраўлення па расследаванні злачынстваў ДФР КДК.
Схемы працавалі дастаткова проста і цалкам законна: расследаванне крымінальнай справы прыпынялася на якой-небудзь прыстойнай падставе (напрыклад, у сувязі з вышукам падазраванай, якая нікуды не хавалася), а потым пра яе забывалі на 5, 6 ці 9 гадоў, пакуль не праходзіў тэрмін прыцягнення да крымінальнай адказнасці ці пакуль не выключаўся з Крымінальнага кодэкса адпаведны артыкул.
Пасля таго, як вынікі праверкі былі дакладзеныя кіраўніцтву краіны, пачалася аператыўная распрацоўка органаў фінансавых расследаванняў Беларусі з боку Камітэта дзяржаўнай бяспекі, які цяпер грае вядучую ролю ў барацьбе з карупцыяй у праваахоўных органах. Прычым удар быў накіраваны супраць «святой тройцы» – дарадцы старшыні КДК Віктара Пісарыка, намесніка дырэктара ДФР КДК Віктара Марозава і начальніка Упраўлення расследавання злачынстваў ДФР КДК Дмітрыя Адамовіча.
Пра Пісарыка кажуць, што менавіта ён рэальна кіруе Камітэтам дзяржкантролю, хаця фармальна з'яўляецца ўсяго толькі дарадцам старшыні. Пісарык у свой час пралабіяваў прызначэнне на пасаду намесніка дырэктара ДФР КДК Віктара Марозава, які цалкам змяніў структуру следства органаў фінансавых расследаванняў. Зроблена гэта было пад маркай прафілактыкі карупцыі, але неяк дзіўна.
Спачатку тэрытарыяльнае следства органаў фінансавых расследаванняў было выведзенае з-пад прамога падначалення цэнтральнага следчага ўпраўлення ДФР КДК, і, каб яшчэ больш узмацніць кантроль над следствам, у дэпартаменце ствараецца Упраўленне працэсуальнага нагляду. Быццам бы ўсё правільна ў духу падзелу ўладаў, калі б не адна акалічнасць.
На пасады начальнікаў следчага і нагляднага ўпраўленняў Віктар Марозаў ставіць сваіх людзей – двух блізкіх сяброў, якіх наўпрост падпарадкоўвае сабе. Пры гэтым у следчым упраўленні быў створаны яшчэ адзін аддзел, які падмяў пад сябе ўсе расследаванні фінансавых злачынстваў, дзе фігуравалі буйныя сумы. А кіраваць аддзелам Віктар Марозаў прызначыў свайго хрэсніка. Такім чынам ён замкнуў на сабе і следства, і кантроль над ім у ДФР КДК. У сваю чаргу Віктар Марозаў наўпрост замыкаўся і знаходзіўся ў блізкіх сяброўскіх стасунках з Віктарам Пісарыкам, які забяспечваў яму прыхільнасць старшыні КДК Зянона Ломаця.
Гэтая схема была прынятая ў КДБ за працоўную, таму, каб распачаць распрацоўку «святой тройцы», у першую чаргу было ініцыяванае адхіленне ад пасады Віктара Пісарыка. Прычым зроблена гэта было на такім узроўні, што Зянон Ломаць нават спробы не зрабіў, каб абараніць свайго пратэжэ.
І вось на мінулым тыдні чэкісты правялі ў дачыненні да ДФР КДК супрацькарупцыйную аперацыю, роўнай якой гэтае ведамства яшчэ не ведала. Прычым падзеі развіваліся як у самым сапраўдным дэтэктыве.
Спачатку на месцы злачынства быў затрыманы пасярэднік у перадачы буйнога хабару службовым асобам ДФР КДК. Ён даў паказанні супраць начальніка Упраўлення па расследаванні злачынстваў ДФР КДК Дзмітрыя Адамовіча, і рэакцыя чэкістаў не прымусіла сябе чакаць.
У аўторак 3 жніўня Дзмітрыя Адамовіча папрасілі прыехаць у КДБ нібыта для таго, каб узгадніць пазіцыі па адной сумеснай аператыўнай распрацоўцы. Адамовіч так і сказаў падначаленым, што едзе ў КДБ. Больш яго ніхто не бачыў.
Як распавялі «Штодзённіку» ў Камітэце дзяржбяспекі, першапачаткова Адамовіч сапраўды паехаў да КДБ, але па дарозе нечакана перадумаў. Ці то яго хтосьці папярэдзіў, навошта яго насамрэч запрасілі чэкісты, ці то ён сам западозрыў нядобрае, але ён нечакана накіраваўся ў Генеральную пракуратуру. Але на бяду Дзмітрыя Адамовіча, Генпракуратура знаходзіцца вельмі блізка ад КДБ, таму чэкісты ў момант перахапілі галоўнага фінансавага следчага Беларусі проста на ганку будынка пракуратуры.
Дзмітры Адамовіч аказаў актыўны супраціў аператыўнікам КДБ, але яго хутка скруцілі, запіхнулі ў машыну і звезлі. Усё гэта дзейства назіралі са сваіх вокнаў пракурорскія працаўнікі.
Трэба аддаць належнае чэкістам, кожны свой крок яны старанна прадумалі. Разумеючы, што Адамовіч нечакана накіраваўся ў Генпракуратуру не проста так, а па абарону, яны адразу ж правялі аперацыю і супраць яе, каб вельмі хітрым чынам нейтралізаваць пракурорскае прыкрыццё тройцы.
У пятніцу чэкісты прыйшлі да намесніка генеральнага пракурора Мікалая Кукліса па санкцыю на арышт Дзмітрыя Адамовіча. Трэба меркаваць, зусім не выпадкова, паколькі старшыня КДБ сёння сам можа даваць такую санкцыю. Але чэкісты пайшлі не да яго, а да Кукліса, таму што да яго пасля затрымання галоўнага фінансавага следчага Беларусі тры дні хадзілі пасланцы ад старой марозаўскай гвардыі ДФР КДК. Вось чэкісты, напэўна, і хацелі паглядзець, як павядзе сябе намеснік генеральнага пракурора. Чэкісты праседзелі ў Кукліса дзве гадзіны, але так і не атрымалі санкцыю на арышт Дзмітрыя Адамовіча. Пасля гэтага санкцыю на арышт даў старшыня КДБ Вадзім Зайцаў.