18 траўня 2024, Субота, 3:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

11 гадоў таму былі выкрадзеныя Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі

20
11 гадоў таму былі выкрадзеныя Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі

Нягледзячы на наяўнасць доказаў і паказанняў сведак, вінаватыя ў выкраданні апазіцыянераў не пакараныя.

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Віктар Ганчар і бізнэсмен, грамадскі дзеяч Анатоль Красоўскі былі выкрадзеныя невядомымі 16 верасня 1999 года. Яны разам вярталіся з лазні па вуліцы Фабрычнай у Менску. Пазней недалёка ад месца іх гвалтоўнага знікнення былі знойдзеныя аскепкі шкла аўтамабіля, які належаў Красоўскаму. На аскепках - кроў. Геномная экспертыза з верагоднасцю 99,9998% вызначыла, што кроў належыць Віктару Ганчару.

У сродках масавай інфармацыі паведамлялі, што знайшоўся сведка, які ў дзень знікнення Ганчара і Красоўскага каля лазні бачыў чырвоны аўтамабіль «БМВ», у якім сядзелі тры чалавекі. А жанчына, якая працавала ў лазні, узгадала, што чула крыкі аб дапамозе, шум, мужчынскія галасы.

Аднак афіцыйнае следства заявіла, што «грамадзяне Ганчар і Красоўскі былі выкрадзеныя і вывезеныя ў невядомым накірунку. Вызначыць іх далейшае месцазнаходжанне не з'яўляецца магчымым ... ».

Пазней з'явіліся сведчанні датычнасці беларускіх уладаў да знікнення актыўных апанентаў рэжыму Лукашэнкі.

Былы начальнік Галоўнага ўпраўлення Крымінальнай міліцыі Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі генерал Мікалай Лапацік у сваім рапарце на імя міністра МУС паведаміў падрабязнасці выкрадання Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і зніклага за некалькі месяцаў да іх экс-міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі:

«Акцыя захопу і далейшага знішчэння Захаранкі ажыццяўлялася групай вайскоўцаў спецназа на чале з Паўлічэнкам (тады камандзір вайсковай часткі 3214). Па аналагічнай камбінацыі 16.09.1999 года Паўлічэнка і яго група правялі акцыю захопу і знішчэння В. Ганчара і А. Красоўскага. Планаванае месца пахавання трупаў - спецучастак на Паўночных могілках».

Рапарт генерала Лапаціка

Як сцвярджаў былы начальнік менскага СІЗА № 1 Алег Алкаеў, апазіцыянеры Ганчар, Красоўскі і Захаранка былі забітыя з так званага расстрэльнага пісталета, які выдаваўся па загадзе былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Сівакова.

«Расстрэльны» пісталет, з якога, як мяркуецца, забівалі апазіцыянераў

Спецдакладчык Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы Хрыстас Пургурыдзес, правёўшы незалежнае расследаванне абставінаў знікнення ў Беларусі Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага, у дакладзе «Зніклыя людзі Беларусі», заявіў:

«Расстрэльны пісталет, які захоўваўся ў спадара Алкаева, якім ажыццяўляліся смяротныя прысуды, двойчы выдаваўся ў перыяды, якія супадаюць са знікненнямі Захаранкі 7 траўня 1999 года, Ганчара і Красоўскага 16 верасня 1999 года. Улады не могуць даць тлумачэнняў часовых канфіскацыяў пісталета».

Пратакол вымання «расстрэльнага» пісталета

Пасля таго, як следчая група, якая складаецца з супрацоўнікаў МУС, КДБ і пракуратуры, выйшла на выкрадальнікаў апазіцыянераў, і быў арыштаваны камандзір САБРа Дзмітры Паўлічэнка, адбыліся адстаўкі генпракурора і старшыні КДБ. Паўлічэнка ж быў вызвалены па асабістым указанні Аляксандра Лукашэнкі.

Сёння пра неабходнасць высветліць лёс зніклых беларускіх апазіцыянераў увесь час заяўляе міжнародная супольнасць. Патрабаванне раскрыць праўду пра іх знікненне ўтрымліваецца ў рэзалюцыях Камісіі ААН па правах чалавека, Парламенцкіх асамблеяў Рады Еўропы і АБСЕ.

Шэрагу высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў, у прыватнасці экс-міністру ўнутраных справаў Уладзіміру Навумаву, былому сакратару Савета бяспекі Віктару Шэйману, былому кіраўніку МУС Юрыю Сівакову і экс-камандзіру САБРа Дзмітрыю Паўлічэнку забаронены ўезд у краіны Еўразвяза і ЗША з-за падазрэнняў у іх датычнасці да выкраданняў апазіцыянераў.

Аднак расследаванне справаў аб выкраданні беларускіх апазіцыянераў не ссунулася з мёртвай кропкі. Да 11-й гадавіны знікнення Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага падрыхтаваная кніга «Мы памятаем ....», якая складаецца з успамінаў сяброў, родных і блізкіх зніклых у Беларусі людзей, а таксама памерлага пры дзіўных абставінах віцэ-спікера Вярхоўнага Савета Генадзя Карпенкі.

«Хаця беларускі бок часта ігнаруе рашэнні міжнародных інстытутаў, у прыватнасці ПАРЕ, АБСЕ і іншых, я ўсё ж веру ў сілу міжнародных арганізацыяў і ў іх уплыў на ажыццяўленне правасуддзя. Аднойчы яны прымуць рашэнні, якія дастаткова балюча ўдараць па прэстыжы, дабрабыце і міжнародным становішчы краіны. Спадзяюся, што расследаванне справаў аб выкраданнях і забойствах палітыкаў у Беларусі адбудзецца раней - да ўмяшання Савета Бяспекі ААН. Цалкам зразумела, што толькі змена ўлады ў Беларусі з'яўляецца галоўнай умовай паспяховасці расследавання справаў аб знікненнях», - паведаміла ўдава выкрадзенага бізнэсмэна і грамадскага дзеяча Ірына Красоўская, якая ўзначальвае зараз фонд «Мы памятаем».

16 дня кожнага месяца ў Беларусі і за мяжой праходзяць акцыі памяці зніклых лідэраў апазіцыі

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках