Менскае «Дынама» выйграла ў чэмпіёна КХЛ «Ак Барса»
5- 22.09.2010, 8:51
Беларусы выйгралі пяты матч запар у Кантынентальнай хакейнай лізе.
На гэты раз у авертайме апынуўся зрынутым двухразовы ўладальнік Кубка Гагарына казанскі «Ак Барс» - 5:4 (2:1, 1:1, 1:2, 1:0).
Шайбамі ў складзе менчукоў адзначыліся Ёзэф Штумпел, Петэр Падхрадскі, Максім Спірыдонаў, Канстанцін Глазачаў і закінуў пераможную шайбу ў меншасці Сяргей Дзямагін, перадае TUT.by.
За «Ак Барс» галы забівалі Марцел Хоса, Ярко Імонен, Яне Пясонен і Аляксей Марозаў. Усе яны вызначыліся, гуляючы ў большасці.
Склад «Дынама»: Мезін; Падградскі - Мойжыш, М. Спірыдонаў - Штумпел - Глазачаў; Пятрашак - Д. Корабаў, Кулакоў - Плат - Неміроўскі; Антонаў - Касцючонак, Дзямагін - А. Стась - Мялешка; Міхалёў - С. Варламаў - Д. Качаткоў.
Лепшымі гульцамі матчу былі названыя Ёзэф Штумпел і Яне Пясонен.
Выйграўшы 5 сустрэч з шасці, менскае «Дынама» працягвае ўтрымліваць лідарства ў турнірнай табліцы КХЛ.
Марэк Сікора («Дынама»):
- Вельмі задаволены вынікам. Перамога над чэмпіёнам мінулага сезону - сур'ёзнае дасягненне. Мы прапусцілі два кур'ёзныя галы, пасля якіх не кожны зможа сабрацца. На шчасце, удалося стрымаць націск гасцей, а ў авертайме ўдача была на нашым баку. Хацелася б адзначыць і падтрымку балельшчыкаў. Некалькі дзён таму быў на канцэрце Стынга. Думаў, столькі людзей на «Менск-Арэне» ўжо не ўбачу. Як бачыце, памыляўся.
Зінутэла Білялятдзінаў («Ак Барс»):
- Вядома, вынік сустрэчы не радуе. Мы старанна рыхтаваліся да спаборніцтва, усведамляючы сілу цяперашняга «Дынама». На жаль, не лепшым чынам згулялі ў абароне. Што тычыцца суперніка, то нам супрацьстаяла моцная каманда, якая ўмела дзейнічала ва ўсіх лініях.
Свой наступны матч «Дынама» правядзе 23 верасня з ніжнякамскім «Нафтахімікам».