19 траўня 2024, Нядзеля, 11:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У фан-сектары менскага «Дынама» зноў запахла фашызмам

14

Экстрэмісцкія выхадкі сталі спадарожнікам матчаў з удзелам беларускіх клубаў.

Перанесены з 1 жніўня на 22 верасня матч 20-га тура футбольнага чэмпіянату Беларусі паміж барысаўскім БАТЭ і менскім «Дынама» запомніцца не толькі ўпэўненай перамогай сталічнага клуба (3:1), але і чарговым прафашысцкім намёкам дынамаўскіх фанатаў, пішуць «Беларускія навіны».

На гэты раз усё было зроблена танчэй і з прэтэнзіяй на непаражальнасць. У канцы матчу, калі на табло ўжо гарэлі лічбы 1:3, гасцявы сектар пачаў скандаваць лічбы «восем-восем-адзін-чатыры». Некаторым пачулася, што на самой справе фанаты прагнулі яшчэ аднаго голу ў вароты гаспадароў: «просім-просім-адзін-чатыры». Добра, калі б гэта было так, але, падобна, усё значна горш.

Па літары, дакладней, па лічбе падкапацца цяжка (пры жаданні адвакаты могуць наогул скласці 8, 8, 1, 4 і атрымаць шчаслівую суму 21), аднак па духу - звычайны фашызм.

14/88 - кодавы лозунг (часам таксама ўжываецца ў якасці вітання або подпісу) у белых нацыяналістаў. Гэтыя лічбы азначаюць колькасць слоў у пэўных фразах расісцкага і нацысцкага зместу. Акрамя таго, лік 88 з'яўляецца закадаваным нацысцкім прывітаннем «Хайль Гітлер!», паколькі літара H стаіць у нямецкім алфавіце восьмай (падрабязней пра гэта жадаючыя могуць пачытаць у Вікіпедыі).

Менавіта на гэтым «пагарэлі» ў ліпені фанаты БАТЭ, калі на матчы групавога этапу Лігі чэмпіёнаў супраць ісландскага «Хабнарф'ёрдзюра» ўзнялі транспаранты з лікамі «14» і «88». Футбольны клуб пачаў расследаванне інцыдэнту, фанаты пакрыўдзіліся і маўчаць ужо два месяцы. Прычым тут «Дынама»? А вось пры чым:

Зараз, калі з банерамі на стадыёнах строга, засталася вусная народная творчасць, ацэнку якой даваць складаней, але пры жаданні можна. Была б такая. Дынамаўскія фанаты па вясне аскандаліліся круцей за барысаўскіх, калі на матчы з «Віцебскам» выказалі публічную падтрымку нацысцкаму злачынцу Рудольфу Гесэ. Дысцыплінарны камітэт Беларускай федэрацыі футбола аштрафаваў клуб на 245 млн. рублёў, але пасля гэтая сума была зменшана ў восем разоў - да 29 млн. 750 тыс. рублёў.

Высветлілася, што банер вывесілі балельшчыкі, якія нібыта не маюць дачынення ні да аднаго з існуючых фанацкіх аб'яднанняў «Дынама». Цікава, да якіх аб'яднанняў не маюць дачынення цяперашнія «аматары статыстыкі» і як на гэта будзе рэагаваць БФФ у адсутнасць тэлетрансляцыі «класіка» беларускага чэмпіянату (паказ па інтэрнэце не лічыцца).

Нядаўна была апублікаваная заява балельшчыкаў сталічнага клуба пра «неадэкватныя і правакацыйныя» дзеянні міліцыі на матчы «Дынама» - «Белшына» 12 верасня. «Пры ўваходзе на стадыён фанаты падвергліся найжорсткаму ператрусу: даглядалі майкі, шалікі, асабістыя рэчы. Нельга не адзначыць рэзкую манеру АМАПа і міліцыі ў абыходжанні з фанатамі, уключаючы дзяўчат. Пасля дагляду нас збіралі ў групы па 10-15 чалавек і пад канвоем вялі ў сектар. Падчас матчу нельга было адысці ні ў прыбіральню, ні ў буфет па ваду...» - скардзіліся аўтары.

У апошні час прэтэнзіі да міліцыі можа прад'явіць пераважная большасць балельшчыкаў, якія наведваюць сталічныя стадыёны. З набліжэннем выбараў «з мэтай пазбягання правакацыяў» асабісты дагляд нярэдка становіцца зневажаннем чалавечай годнасці. Засталося толькі публічна распрануць дагала, і працэдура нічым не будзе адрознівацца ад прыёму чарговай партыі вязняў у Асвенцым. Вось толькі чым пасля выхадкі ў Барысаве адрозніваюцца скаржнікі ад аб'ектаў скаргі? Альбо ў дынамаўскіх фанатаў лісты пішуць адныя, а прамовы штурхаюць іншыя?

Экстрэмісцкія выхадкі сталі спадарожнікам матчаў з удзелам беларускіх клубаў. Сістэмнай прафілактычнай працы зацікаўленых (?) структураў пакуль не відаць. Гэта ж не апазіцыю па вуліцах ганяць і ў аўтазаках збіваць, тут больш тонкія метады неабходныя. Таму нядзіўна чытаць паведамленні пра тое, што пракуратура Гомельскай вобласці абвясціла афіцыйнае папярэджанне начальніку міліцыі грамадскай бяспекі УУС «аб неабходнасці прыняцця дастатковых прафілактычных мераў на ўхіленне прычынаў і ўмоваў экстрэмісцкіх дзеянняў на стадыёне і іх спынення падчас правядзення спартыўных мерапрыемстваў». Падстава: 15 і 23 траўня падчас матчаў з удзелам ФК «Гомель» група фанатаў «скандавала на стадыёне экстрэмісцкія лозунгі, а таксама голасна заклікала да дзеянняў, якія распальваюць міжнацыянальную варожасць, зневажаючы гонар і годнасць грамадзян». Пры гэтым «з боку супрацоўнікаў міліцыі не прымалася мераў па спыненні супрацьпраўных паводзінаў балельшчыкаў».

У гэтай публікацыі падрабязна распісаныя падзеі апошняга часу. Трыбуна - далёка не адзінае месца, дзе фанаты даюць волю сваім эмоцыям.

Зрэшты, у грамадстве, наскрозь працятым фальшу, дзе на самым высокім узроўні нацыст нумар адзін атрымаў неадназначную ацэнку, такія выхадкі не павінны выклікаць здзіўлення.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках