17 траўня 2024, Пятніца, 15:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Магутны выбух на рынку ў цэнтры Уладзікаўказа (Відэа)

3

Не менш за дзевяць чалавек загінулі, больш за 50 пацярпелі ў выніку выбуху.

Пра гэта паведамляе NEWSru.com са спасылкай на МУС Паўночнай Асеціі. Гэта толькі першыя дадзеныя, не выключана, што колькасць ахвяраў будзе расці: першапачаткова паведамлялася толькі пра параненых, затым з'явілася інфармацыя пра загінулых, колькасць якіх стала імкліва расці.

Выбух на вуліцы Занаева, што прагрымеў прыкладна ў 11:30 у чацвер, быў вельмі моцным: у бліжэйшых будынках выбіта шкло. Паводле папярэдняй інфармацыі, выбухнуў замінаваны аўтамабіль, распавяла крыніца.

Выбухная прылада была закладзена ў машыне, прыпаркаванай у прыватным сектары каля аднаго з жылых дамоў ля ўваходу на рынак. Магутнасць бомбы склала 10 кг трацілу. Каб скалечыць максімальную колькасць людзей, тэрарысты ўклалі ў выбухную прыладу металічныя прадметы, адзначылі ў МНС.

Бомба выбухнула ў традыцыйна шматлюдным месцы - там, дзе знаходзіцца «біржа працы» і куды людзі прыходзяць у пошуках работы. Цэнтральны рынак - адзін з самых людных месцаў Уладзікаўказа, падкрэслівае РІА «Новости».

Міліцыя спалохалася паўторнага выбуху

Насупраць уваходу не тэрыторыю рынка загарэліся дзве машыны. Не выключана, што менавіта яны былі падарваныя. Ахоўнікі парадку асцерагаюцца, што злачынцы планавалі серыю тэрактаў. «Не выключана пагроза паўторнага выбуху», - заявіў прадстаўнік МУС.

Па перыметры рынка выстаўлена міліцэйскае ачапленне. Таксама ачэпленыя ўсе бліжэйшыя вуліцы. Да месца выбуху прыбываюць карэты «хуткай дапамогі», ідзе эвакуацыя людзей з тэрыторыі рынка.

На месца здарэння прыбылі супрацоўнікі ўсіх аператыўных службаў горада.Тэрмінова прыехаў на месца надзвычайнага здарэння і кіраўнік Паўночнай Асеціі Таймураз Мамсураў. Як перадае ІТАР-ТАСС, прэзідэнт рэспублікі заявіў, што выбух ва Уладзікаўказе здзейсніў тэрарыст-смяротнік.

У бальніцы Уладзікаўказа паступілі 33 пацярпелыя, у тым ліку чацвёра дзяцей, паведаміла «Інтэрфаксу» крыніца ў Міністэрстве аховы здароўя рэспублікі. «Да гэтага часу ў Рэспубліканскую клінічную бальніцу дастаўленыя 12 параненых, у бальніцу хуткай дапамогі - 17. У рэспубліканскую дзіцячую клінічную бальніцу паступілі 4 дзіцяці», - сказаў суразмоўца агенцтва.

Па факце выбуху Следчымі органамі СКП Паўночнай Асеціі ўзбуджаная крымінальная справа. Крымінальная справа ўзбуджаная па арт. 205 КК РФ (тэрарыстычны акт), арт.105 КК РФ (забойства дзвюх і больш асобаў) і арт. 222 КК РФ (незаконны абарот зброі), гаворыцца ў паведамленні на сайце ведамства ў чацвер. Па рашэнні кіраўніцтва СКП крымінальная справа для далейшага расследавання перададзена ў Галоўнае следчае ўпраўленне (ГСУ) па Паўночна-Каўказскай і Паўднёвай федэральнай акругах. Ва Уладзікаўказ накіраваныя дасведчаныя следчыя і крыміналісты ГСУ.

Папярэдні буйны тэракт адбыўся ў Паўночнай Асеціі 17 жніўня. Тады каля паста міліцыі побач з адміністрацыйнай мяжой Паўночнай Асеціі і Інгушэціі тэрарыст-смяротнік прывёў у дзеянне выбуховае прыстасаванне магутнасцю ад 600 да 800 грамаў трацілу. У выніку адзін міліцыянт загінуў, два яго калегі атрымалі раненні.

Таксама 19 сакавіка 1999 года ва Уладзікаўказе на Цэнтральным рынку, прыкладна на тым жа самым месцы, што і сёння, прагрымеў магутны выбух. У выніку тэракту 52 чалавекі загінулі, каля 200 атрымалі раненні.

9 ліпеня 2000 года на Цэнтральным рынку Уладзікаўказа спрацавала выбухная прылада, закладзеная пад аўтамабіль, прыпаркаваны на плошчы каля рынка. Загінулі шэсць чалавек, 18 параненыя.

10 лістапада 2001 года на рынку «Фаллой» ва Уладзікаўказе спрацавала выбухная прылада, магутнасць якой была эквівалентная 1 кг трацілу. Загінулі пяць чалавек, 44 параненыя.

5 чэрвеня 2003 года ў Маздоку /Рэспубліка Паўночная Асеція-Аланія/ адбыўся тэракт. Аўтобус з вайскоўцамі і грамадзянскімі спецыялістамі ВПС расейскай авіябазы быў падарваны тэрарысткай-смяротніцай. 20 чалавек загінулі, 15 - параненыя.

28 красавіка 2002 года на рынку ва Уладзікаўказе спрацавала выбухная прылада магутнасцю каля 500 г трацілу. У выніку тэракту загінулі восем чалавек, больш за 40 параненыя.

6 лістапада 2008 года ў цэнтры Уладзікаўказа на плошчы перад кінатэатрам «Дружба» і рынкам «Глобус» было ўзарвана маршрутнае таксі. У выніку выбуху загінулі 12 чалавек, 41 паранены. Выбухную прыладу сілай у 500 гр у трацілавым эквіваленце прывяла ў дзеянне тэрарыстка- смяротніца.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках