19 траўня 2024, Нядзеля, 16:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Народны сход: Галодныя бунты наперадзе (Фота, відэа)

399
Народны сход: Галодныя бунты наперадзе (Фота, відэа)

8 кастрычніка ў Беларусі павінныя былі прайсці масавыя пратэсты пад назвай «Народны сход». Аднак улады зрабілі ўсё, каб запалохаць людзей і не даць ім выйсці на вуліцы.

Арганізатары акцыі абралі такую ​​форму акцыі як «народны сход», паколькі нават па лукашэнкаўскіх законах іх правядзенне не патрабуе дазволу ўладаў. Тым не менш, у парушэнне ўласных законаў ўлады забаранілі правядзенне сходаў грамадзян і абвясцілі, што Народны сход - несанкцыянаваная акцыя.

Ужо за тыдзень да акцыі па ўсёй краіне сталі затрымліваць актывістаў апазіцыі, адказных за правядзенне сходаў. Сотні людзей падвергнуліся арыштам і затрыманням. Распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі Народнага сходу жорстка караўся - распаўсюджвальнікаў арыштоўвалі, улёткі - канфіскоўвалі.

Арганізатары Народных сходаў у Менску і 30 гарадах Беларусі выклікаліся ў пракуратуру, дзе ім уручалі афіцыйныя папярэджанні аб адказнасці за правядзенне «несанкцыянаваных» акцый.

Найбольш брутальны ціск адбываўся непасрэдна 8 кастрычніка. Апазіцыянераў пачыналі затрымліваць з 6 раніцы, літаральна выцягваючы з ложкаў, ДАІ і спецназ захоплівалі іхнія машыны, у якіх яны везлі гукаўзмацняльную апаратуру або рэзалюцыі сходу на месцы правядзення акцыі. Падставы затрыманняў, як заўсёды, былі надуманыя - «аўтамабіль скрадзены, шукаем наркотыкі і зброю, падобныя да злачынцы ў розшуку»...

Заяўнікаў акцыі ў Менску, сустаршыню партыі «Беларускі Рух» Віктара Івашкевіча і лідэра прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці Генадзя Фядыніча выклікалі ў пракуратуру і Менгарвыканкам, дзе сам мэр Менска Мікалай Ладуцька пагражаў ім «адказнасцю».

Практычна ва ўсіх дзяржустановах ідэолагі і начальства папярэджвалі людзей: выйдзіце на акцыю - страціце працу. Такія ж прафілактычныя гутаркі праводзіліся са студэнтамі і нават школьнікамі.

Незалежныя інтэрнэт-сайты, уключна з сайтам charter97.org, з раніцы 8 кастрычніка былі заблакаваныя на тэрыторыі Беларусі.

У выніку ў многіх рэгіёнах акцыі не адбыліся. І з-за запужванняў іхніх арганізатараў і ўдзельнікаў, і з-за таго, што на заяўленых для правядзення Народных сходаў пляцоўках ўлады адмыслова арганізоўвалі афіцыйныя мерапрыемствы. А калі не праводзілі - то абносілі плошчы металічнымі турнікетамі.

У такіх умовах, уключна з надвор’ем (ішоў дождж), у Менску на акцыю прыйшлі каля 1 000 чалавек. Плошча Бангалор была абнесеная турнікетамі. Каб туды патрапіць, трэба было падвергнуцца ператрусу з боку амапаўцаў з металадэтэктарамі.

Плошча была акружаная аўтазакамі, аўтобусамі з АМАПам, міліцэйскімі машынамі.

Людзі адмовіліся ісці ў «гета». Перад прысутнымі выступілі палітыкі Віктар Івашкевіч, Генадзь Фядыніч, Анатоль Лябедзька, Уладзімір Някляеў, Мікіта Ліхавід, Зміцер Дрозд.

У рэзалюцыі Народнага сходу ягоныя ўдзельнікі запатрабавалі ад уладаў спыніць рост коштаў, індэксаваць заробкі, пенсіі, адмяніць кантрактную сістэму, правесці вольныя выбары і неадкладна вызваліць усіх палітвязняў.

Удзельнікі акцыі трымалі ў руках расцяжкі «Свабоду Зміцеру Бандарэнку!» і «Саннікаў - наш прэзідэнт», бел-чырвона-белыя нацыянальныя сцягі і сцягі грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь».

Людзі, што сабраліся, прагаласавалі за правядзенне наступнага Народнага сходу 12 лістапада. У Менску акцыя павінная прайсці на тым жа месцы - на плошчы Бангалор.

Сёння не варта зацыклівацца на колькасці тых, хто прыйшоў на акцыю, заявіў лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

Па ягоных словах, на сённяшнюю акцыю прыйшлі, у асноўным, актывісты апазіцыйных арганізацый. «Але гэта - толькі пачатак, - падкрэсліў палітык. - Зараз нам неабходна інфармаваць людзей аб становішчы ў краіне, каб наступны сход, праз месяц, быў больш шматлікім. Гэта можа адбыцца, бо людзі моцна незадаволеныя сітуацыяй у краіне».

Прысутны на акцыі кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў сказаў, што яшчэ не саспела сітуацыя ў грамадстве, каб гэтая акцыя была масавай. Бо ўлада яшчэ мае сродкі, каб тушыць полымя незадаволенасці і пратэсту. Але падтрымліваць рэжым - каштуе вельмі дорага. І сродкі для гэтага яны могуць браць толькі ў самога народа.

Кіраўнік незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці Генадзь Фядыніч заявіў, што «ўлада не гатовая да дыялогу» і абвінаваціў рэжым Лукашэнкі ў татальным падмане. «Яны павышаюць кошты і кажуць, што народ жыве ўсё лепей», - заявіў прафсаюзны лідэр. Фядыніч папярэдзіў, што, калі сітуацыя не зменіцца, могуць адбыцца галодныя бунты.

Віктар Івашкевіч, ацэньваючы акцыю, адказаў: «Гэта толькі пачатак. Трэба працягваць працу па мабілізацыі людзей. Мы не спыняем Народнага сходу, а прыпыняем яго да 12 лістапада. 12 лістапада ў 13.00 мы збярэмся на гэта жа месцы».

Фота: «Радыё Свабода», «Наша Ніва», @chudentsov

Напісаць каментар 399

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках