Майкл Скэнлан: ЗША не будуць весці гандаль вакол палітвязняў
16- 29.11.2011, 11:00
Калі ў Беларусі будзе пагаршацца сітуацыя з правамі чалавека, санкцыі ЗША стануць больш жорсткімі.
Аб гэтым Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан заявіў у інтэрв'ю «Еўрарадыё».
- Некалькі тыдняў таму шэсць сенатараў заклікалі Міністэрства фінансаў ЗША прагаласаваць супраць крэдыту МВФ для Беларусі. Сенатары таксама папрасілі Міністра фінансаў ЗША Цімаці Гайтнера заклікаць беларускія ўлады да правядзення палітычных і эканамічных рэформаў. У адваротным выпадку - увесці дадатковыя санкцыі супраць дзяржаўных прадпрыемстваў. «Беларуськалій», «Белтрансгаз» і беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы згадваюцца ў спісе сярод іншых прадпрыемстваў. Ці значыць гэта, што пункт гледжання ўрада нейкім чынам адрозніваецца ад пазіцыі сенатараў? Ці можам мы чакаць увядзення новых санкцый у дачыненні да вышэй названых прадпрыемстваў?
- З часу заснавання нашай дзяржавы ЗША засноўваліся на падзеле заканадаўчай, выканаўчай і судовай уладаў. Такім чынам, я парэкамендаваў бы вам звярнуцца ў Кангрэс з нагоды ліста, на які вы спасылаецеся. Аднак варта адзначыць, што ў Кангрэсе існуе моцная падтрымка дэмакратыі і правоў чалавека, якую падзяляюць абедзве партыяі. У сувязі з бесперапыннымі рэпрэсіямі Кангрэс салідарны з беларускім народам як ніколі.
Што тычыцца санкцый, думаю, у першую чаргу варта паглядзець, па якой прычыне і ЕЗ, і ЗША ўвялі іх. Урад Беларусі працягвае парушаць асноўныя правы чалавека і дэмакратычныя прынцыпы, а таксама злоўжывае вяршэнствам закона з мэтай пераследу людзей з іншымі поглядамі, напрыклад, у цяперашні час - палітычных зняволеных. Іх неабходна вызваліць неадкладна і без якіх-небудзь умоваў. Я таксама хачу спаслацца на нядаўнюю заяву прэс-сакратара Высокага прадстаўніка ЕЗ Эштан, якая заклікае да неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных.
Нашыя нядаўнія санкцыі, абвешчаныя ў красавіку, не павінныя былі стаць сюрпрызам для беларускіх уладаў. Як я ўжо шмат разоў казаў, нашыя эканамічныя санкцыі звязаныя з сітуацыяй з правамі чалавека і дэмакратыяй. Гэта простае матэматычнае раўнанне: калі пагаршаецца сітуацыя з правамі чалавека, санкцыі ўзмацняюцца, і наадварот. На жаль, нягледзячы на тое, што ўрад Беларусі ў публічнай заяве 1 снежня ў Астане прызнаў, што большая павага дэмакратыі і правоў чалавека з'яўляецца цэнтральным пытаннем у развіцці краіны і грамадзян, з тых часоў сітуацыя значна пагоршылася.
- Кажучы аб беларускім адказе на санкцыі ЗША: ці чакалі Вы, што Беларусь прыпыніць сумесную праграму па замене высокаўзбагачанага ядзернага паліва? Раскажыце больш падрабязна пра замарожаную праграму МВА пры Беларускім дзяржаўным універсітэце.
- Нас здзівіла рашэнне беларускага ўрада, бо замена высокаўзбагачанага ўрана на нізкаўзбагачаны - у інтарэсах Беларусі. Як сказаў прэс-сакратар Дзяржаўнага дэпартамента Марк Тоўнер, «мы спадзяемся, што Беларусь збіраецца ажыццявіць свае намеры ліквідаваць усе захаваныя запасы высокаўзбагачанага ўрану. Гэта адказнае рашэнне і ўклад у глабальную бяспеку». Тым не менш, прапанова ЗША аказаць падтрымку ў ліквідацыі высокаўзбагачанага ўрану ў Беларусі застаецца ў сіле, гэтак жа як і ўсе нашыя праграмы, якія дапамагаюць Беларусі наблізіцца да міжнародных і еўрапейскіх стандартаў.
Напрыклад, праграма бізнес-адміністравання (МВА), была вынікам сумесных намаганняў урадаў Амерыкі, Латвіі і Беларусі. Яна павінная была стаць першай міжнародна акрэдытаванай праграмай МВА на ангельскай мове ў Беларусі. Урад ЗША вылучыў 4 мільёны даляраў на стварэнне студэнцкага асяроддзя міжнароднага класа з бесперашкодным доступам да інфармацыі, сучасным будынкам і амерыканскімі і міжнароднымі выкладчыкамі. Гэтая ўстанова падрыхтавала б беларускіх спецыялістаў бізнес-сферы для працы ў адпаведнасці з самымі высокімі міжнароднымі стандартамі і такім чынам спрыяла б павелічэнню канкурэнтаздольнасці і дабрабыту беларусаў.
- 29 жніўня Выканаўчае бюро МВФ абмяркоўвала заяўку беларускага ўрада на атрыманне крэдыту. Якой была пазіцыя прадстаўніка ЗША ў МВФ?
- Я не магу адказаць ні «так», ні «не», бо гэтае пытанне не ўваходзіць непасрэдна ў сферу маёй кампетэнцыі. Аднак магу сказаць, што для атрымання крэдыту МВФ краіна, якая падае заяўку, у першую чаргу павінная выканаць эканамічныя ўмовы, каб дапамога выкарыстоўвалася для сістэмнага паляпшэння эканомікі, а не проста для падтрымання неэфектыўнай сістэмы. Ад беларускага ўрада залежыць, ці зможа ён выканаць гэтыя ўмовы і пераканае ў гэтым МВФ.
У больш шырокім кантэксце, мы лічым, што эканамічны дабрабыт і дэмакратыя непарыўна звязаныя. Таму цяперашні ўстойлівы дабрабыт не можа быць забяспечаны без вяршэнства закона, незалежнай судовай сістэмы, празрыстых рашэнняў урада і моцнага прыватнага сектара. Нішто з вышэй пералічанага не будзе працаваць без свабоды выказвання і вольнай плыні інфармацыі.
- Наколькі плённым з'яўляецца супрацоўніцтва з ЕЗ (і іншымі на міжнароднай арэне) у дачыненні да Беларусі? Ці быў візіт Абамы ў Варшаву важным прыкладам такога супрацоўніцтва?
- Злучаныя Штаты і Еўрапейскі звяз жадаюць бачыць Беларусь дэмакратычнай, квітнеючай і суверэннай дзяржавай, дзе паважаюцца правы чалавека. Нашыя шматлікія сумесныя заявы, зробленыя пасля 19 снежня, служаць доказам гэтага. Візіт прэзідэнта Абамы ў Польшчу ў маі 2011 года быў яшчэ адным сведчаннем нашай сумеснай пазіцыі па Беларусі, як у межах двухбаковых адносінаў з краінамі ЕЗ, так і з Еўрапейскім звязам у цэлым.
Міжнародны досвед паказвае, што паміж росквітам і дэмакратыяй існуе непарыўная сувязь: аднаго не можа быць без іншага на ўстойлівай аснове. Таму неадкладнае і безумоўнае вызваленне ўсіх палітычных зняволеных было б першым крокам Беларусі ў гэтым напрамку. Але дазвольце мне патлумачыць адну рэч: мы не будзем удзельнічаць у гандлі вакол палітычных зняволеных.
- Нядаўна беларускі ўрад выступіў з прапановай унесці змены ў заканадаўства, якое рэгулюе масавыя сходы і дзеянні. Закон павінен прадугледжваць вялікую адказнасць для арганізатараў. Ён таксама надае «бяздзейнасці па папярэдняй згодзе» статут вызначанага дзеяння. Ці будуць ЗША настойваць на міжнародных пляцоўках на адмене закона і на выкананні ўзятых на сябе абавязальніцтваў у гэтай сферы? Наколькі цікавай Вам уяўляецца такая з'ява, як «маўклівыя акцыі пратэсту»?
- Я думаю, палітыка і дзеянні ЗША ў міжнародных арганізацыях, такіх як АБСЕ, даволі ясна паказалі важнасць, якую мы надаем павазе правоў чалавека і дэмакратыі ў Беларусі.
Будзем адкрытыя: прапанова прыняць закон, які будзе караць людзей «за бяздзейнасць» абсурдная. Права на мірны сход - галоўны атрыбут дэмакратычнага грамадства. У ЗША, напрыклад, дэманстранты рэгулярна збіраюцца вакол Белага дома. Што тычыцца маўклівых пратэстаў, мяне ўразіла, як шмат сіл і сродкаў прыклалі ўлады падчас эканамічнага крызісу, каб затрымаць і арыштаваць людзей, якія проста моўчкі стаялі або пляскалі ў ладкі. Чаму ўлады пайшлі на такія меры? Яны баяцца свайго народа?