"Укрінтэрэнерга" аднавіла экспарт электраэнергіі ў Беларусь
- 4.02.2011, 13:46
Дзяржпрадпрыемства "Укрінтэрэнерга" ў пятніцу аднавіла экспарт электраэнергіі ў Беларусь, паведаміў дырэктар прадпрыемства Максім Кучар журналістам у Кіеве.
«У нас усё ўжо добра. Экспарт (у Беларусь - ІФ) аднавілі», - сказаў ён, перадае «Интерфакс-Запад».
Па словах кіраўніка "Укрінтэрэнерга", аднаўленне экспарту стала магчымае пасля ўзгаднення з беларускім бокам кошту электраэнергіі.
Інфармаваная крыніца ў міністэрстве энергетыкі і вугальнай прамысловасці пацвердзіла агенцтву «Інтэрфакс-Украіна» аднаўленне экспарту электраэнергіі ў Беларусь, удакладніўшы, што загружанасць лініі на сёння складае 150 МВт.
Па словах крыніцы, у бліжэйшы час чакаецца павелічэнне загрузкі лініі.
Як паведамлялася, экспартныя камерцыйныя пастаўкі электраэнергіі ў Беларусь былі прыпыненыя ў студзені 2011 года з-за няўзгодненасці кошту.
Паводле каментара першага віцэ-прэм'ера Украіны Андрэя Клюева наконт прыпынення паставак электраэнергіі, «беларускі бок не задавальняе кошт, у іх ёсць больш выгадная, на іх думку, альтэрнатыўная прапанова з Расеі».
Украінскі бок прапаноўваў ажыццяўляць экспартныя пастаўкі электраэнергіі па коштаў, якія склаліся на ўнутраным рынку Украіны, удакладніў А. Клюеў, дадаўшы, што Кіеў прадаваць электраэнергію сабе ў страту не будзе.
Украіна ў 2010 годзе павялічыла пастаўкі электраэнергіі ў Беларусь у 2,4 разы ў параўнанні з 2009 годам - да 2 млрд 940,8 млн кВт.гадз
Доля экспарту электраэнергіі ў Беларусь у агульным аб'ёме экспартуемай электраэнергіі Украіны па выніках мінулага года склала 69,7%.