Адвакатка адмовілася абараняць жонку Андрэя Саннікава
85- 4.02.2011, 15:36
Гэта ўжо другі адвакат, якому давялося адмовіцца абараняць вядомую журналістку Ірыну Халіп.
Як паведаміў сайту charter97.org бацька жонкі кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Андрэя Саннікава Уладзімір Халіп, нядаўна быў заключаны дагавор аб абароне Ірыны Халіп адвакаткай Тамарай Гараевай. «У гэтай адвакаткі добрыя рэкамендацыі, яна ахвотна пагадзілася абараняць Іру. Мы заключылі дагавор, унеслі першы ўзнос, і раптам яна тэлефануе і катэгарычна адмаўляецца абараняць Ірыну. Па законе, калі заключаны дагавор, адвакат не мае права адмаўляцца. Але тым не менш гэта адбылося», - распавёў Уладзімір Халіп.
На ранейшага адваката Ірыны Халіп - Уладзіміра Тоўсціка - здзяйсняўся сур'ёзны ціск, яму пагражалі пазбаўленнем ліцэнзіі, нагадаў Уладзімір Халіп.
Такім чынам жонка Андрэя Саннікава, якую пасля вызвалення з СІЗА КДБ змясцілі пад хатні арышт - на дадзены момант засталася без адваката.
«Можаце ўявіць, як на на іх уздзейнічаць. Гэта яны заганяюць нас, каб мы ўзялі лукашэнкаўскага адваката», - кажа Уладзімір Халіп.