18 траўня 2024, Субота, 14:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Еўрадэпутат: "Спачатку вызваленне палітвязняў, потым візы”

16

Еўрадэпутат Лайма Андрык'ене распавяла, ці з'яўляецца Літва адвакатам Лукашэнкі ў ЕЗ, а таксама - чаму міністры не прынялі рашэнне па шэнгенскіх візах.

Еўразвяз не праігнараваў пытанне бясплатных шэнгенскіх візаў ці хоць бы спрашчэння візавага рэжыму з ЕЗ для беларусаў. Міністры замежных спраў пакуль проста не могуць дамовіцца. Пра гэта ў інтэрв'ю Еўрарадыё распавяла літоўскі еўрадэпутат Лайма Андрык'ене, удзельніца Дэлегацыі Еўрапарламента па адносінах з Беларуссю і віцэ-старшыня падкамісіі па правах чалавека, перадае «Еўрарадыё».

«Я не думаю, што міністры замежных справаў гэта праігнаравалі. Думаю, што дыскусія на гэтую тэму таксама была, але пагаднення яны не дасягнулі. Але што мы хацелі ад іх перш за ўсё - гэта ацэнкі таго, што адбылося ў дзень выбараў у Беларусі, пасля выбараў, пасля падліку галасоў, таксама ацэнкі той сітуацыі ў Беларусі, якую мы маем на сённяшні дзень», - заявіла Лайма Андрык'ене.

Гэта першы крок Еўразвяза, за якім будуць наступныя. На цяперашнім этапе важна выказаць сваё асуджэнне дзеянням беларускіх уладаў і вызваліць палітвязняў, а потым ужо можна казаць і аб спрашчэнні візавага рэжыму, патлумачыла Лайма Андрык'ене:

«Мае два добрых сябра - Анатоль Лябедзька і Павал Севярынец - усё яшчэ знаходзяцца ў турме, ім пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі. І пакуль мы гэта бачым, важна сказаць: «Так не павінна быць». У Еўропе такога быць не можа. Усё роўна, уваходзіць гэтая краіна ў ЕЗ або не. Такога быць проста не можа ў XXI стагоддзі. А потым будзем вырашаць іншыя пытанні, у тым ліку візавага рэжыму для грамадзянаў Беларусі".

Бліжэйшыя краіны-суседзі Беларусі дамагаюцца вызвалення вязняў рознымі «абходнымі» шляхамі. Менавіта ў такім кантэксце варта разглядаць тайны візіт у Вільню кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Уладзіміра Макея. Гэтыя меры не азначаюць, што Літва абараняе перад Еўропай пазіцыю Аляксандра Лукашэнкі, кажа Лайма Андрык'ене.

“Я не думаю, што Літва з'яўляецца адвакатам рэжыму Лукашэнкі. Але Літва - гэта суседняя краіна. І, як я разумею пазіцыю сваёй краіны, мы вельмі хацелі б дапамагчы людзям, якія жывуць у Беларусі. І мы шукаем усе магчымыя шляхі, каб гэта зрабіць. Таму крытыкаваць некагая не буду", - кажа Андрык'ене.

Рашэнне Рады ЕЗ Лайма Андрык'ене лічыць не слабым, а хутчэй асцярожным. Але добра і тое, што міністры замежных спраў дасягнулі кансенсусу па беларускім пытанні, мяркуе літоўскі еўрадэпутат:

«Нехта спадзяваўся, што санкцый не будзе. Але яны ёсць. Гэта першы крок. Па-мойму, добра выказана пазіцыя Еўразвяза, якую можна было дасягнуць. Але Еўрапарламент больш вольны, каб сказаць, што мы адчуваем і думаем на самой справе. А міністры - яны звычайна глядзяць на рашэнне вельмі прагматычных пытанняў. Таму іх пазіцыя больш асцярожная».

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках