19 траўня 2024, Нядзеля, 16:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Умова расейскага крэдыту - дэвальвацыя?

79
Умова расейскага крэдыту - дэвальвацыя?

Публікацыя праграмы мер па стабілізацыі макраэканамічнай сітуацыі ў Беларусі можа справакаваць паніку.

Аб гэтым паведаміла агенцтву "Інтэрфакс Захад" крыніца ў органах дзяржкіравання.

Урад Беларусі 31 сакавіка ўвечары перадаў у Мінфін РФ праект праграмы мер па стабілізацыі макраэканамічнай сітуацыі. Узгадненне мер з урадам РФ з'яўляецца умовай для прадастаўлення расейскага дзяржкрэдыту на $ 1 млрд.

"Праект праграмы ў Мінфін РФ быў перададзены ўвечары ў чацвер. Якога-небудзь адказу ад расейскага боку на сённяшні дзень яшчэ няма", - сказала крыніца.

Па ейных словах, "праграма выкладзеная на 6-7 старонках друкаванага тэксту, дзе апісаныя меры па ўзмацненні жорсткасці грашова-крэдытнай і бюджэтна-падатковай палітыкі. Разавая дэвальвацыя беларускага рубля не плануецца". Пры гэтым ён адмовіўся каментаваць змест прапанаваных мер, бо "праграма яшчэ не ўзгодненая. Ці будзе яна ўзгодненая ў існуючым выглядзе ці не - пакуль незразумела і апублікаванне мер, рэалізацыя якіх пакуль пад пытаннем, можа справакаваць паніку".

Крыніца праінфармавала, што "расейскі бок яшчэ не сфарміраваў сваё стаўленне да прапанаваных мер, тэрміны новых перамоваў па ўмовах выдзялення крэдыту таксама на сённяшні дзень не вызначаныя".

Ён удакладніў, што праграма напісаная пад вылучэнне расейскага дзяржкрэдыту на $1 млрд. Каментуючы неабходнасць падрыхтоўкі якой-небудзь праграмы дзеянняў беларускіх уладаў пад заяўку на выдачу $ 2 млрд з Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС, крыніца заўважыла, што "далейшыя дзеянні будуць залежаць ад поспеху перамоваў па дзяржкрэдыце на двухбаковай аснове".

Гаворачы аб магчымых тэрмінах прадастаўлення расейскага дзяржкрэдыту на $1 млрд у выпадку дасягнення дамоўленасцяў аб сістэме антыкрызісных мер, крыніца растлумачыла, што "калі строга выконваць усе фармальнасці, неабходныя для заключэння міжурадавага пагаднення, то праект павінен прайсці ўзгадненне ва ўсіх зацікаўленых ведамствах, як у Расеі, так і ў Беларусі. На гэта можа спатрэбіцца каля трох месяцаў". "Не выключаецца таксама і больш хуткі варыянт вырашэння праблемы, але для гэтага ўсе ўзгадненні павінныя паскорыцца па непасрэдным даручэнні вышэйшага кіраўніцтва дзвюх краін".

Як паведамлялася, міністр фінансаў РФ Аляксей Кудрын у сакавіку заявіў пра гатовасць расейскага боку выдзеліць Беларусі пазыковыя сродкі на $3 млрд для стабілізацыі аплатнага балансу, у тым ліку ў выглядзе дзяржкрэдыту на $1 млрд і крэдыту Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС на $2 млрд.

Нацбанк і Мінфін Беларусі на мінулым тыдні выпусцілі прэс-рэлізы, у якіх падкрэсліваецца упэўненасць у хуткім паступленні дадзеных сродкаў. Нацбанк тым часам увёў мараторый на прыняцце новых рэгуляторных мер у сферы грашова-крэдытнай палітыкі і валютнага рэгулявання да атрымання расейскіх крэдытаў, якія ў НББ чакаюць да канца красавіка.

Напісаць каментар 79

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках