У Беларусі пачаліся першыя страйкі
105- 23.05.2011, 18:01
Раніцай 23 мая працаўнікі варачна-брадзільнага цэха завода «Рэчыцапіва» адмовіліся прыступаць да працы.
Завод зараз належыць замежнай кампаніі Heineken. Прычынай папераджальнага страйку стала нявыплата прэміяльных, прадугледжаных кантрактамі, перадае Радыё «Свабода». Прэміяльныя павінныя складаць 30% ад акладу.
З «Рэчыцапіва» ў філіял замежнай кампаніі Heineken працаўнікоў перавялі з пачатку красавіка. Адміністрацыя пры падпісанні кантрактаў абяцала налічваць 30-адсоткавыя прэміяльныя выплаты. Аднак гэтых выплат за красавік не паступала. Па новым курсе валют заробак півавараў стаў ў эквіваленце ніжэй за 100 даляраў, што і выклікала абурэнне.
Супакойваць сітуацыю на «Рэчыцапіва» прыязджаў намеснік старшыні райвыканкаму Вячаслаў Памалейка. Дырэктар прадпрыемства Наталля Савосценка сцвярджае, што ніякага страйку ў цэху не было і піва варылі нават уначы.
Да 11 гадзінаў інцыдэнт быў вычарпаны. Дырэктар атрымала электроннае пацвярджэнне таго, што прэміяльныя піваварам пералічаныя. Працаўнікоў запэўнілі, што кіраўніцтва будзе клапаціцца пра іх і аб павышэнні ім аплаты працы.