Пракаповіч можа вярнуцца
17- 21.06.2011, 13:27
Пятра Пракаповіча у адстаўку ці на пенсію не адправілі, і ён можа вярнуцца на працоўнае месца.
Старшынём Нацыянальнага банка па-ранейшаму афіцыйна лічыцца Пётр Пракаповіч. У адстаўку ці на пенсію яго не адправілі, і ён па-ранейшаму атрымлівае ў Нацбанку заробак. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў начальнік упраўлення інфармацыі галоўнага банка краіны Анатоль Драздоў.
Анатоль Драздоў: «Ва ўказе усё выразна і зразумела сказана. Што на перыяд рэабілітацыі, так бы мовіць, пасля цяжкай і складанай аперацыі на сэрцы ягоныя абавязкі будзе выконваць першы намеснік Юрый Міхайлавіч Алымаў. Які і да гэтага іх выконваў у перыяд адсутнасці Пятра Пракаповіча, калі той знаходзіўся на бальнічным. Так што нічога дзіўнага - стандартная тэхнічная сітуацыя. Ён проста хварэе. І ў адпаведнасці з працоўным заканадаўствам атрымлівае кампенсацыю на перыяд часовай непрацаздольнасці».
Дзе праходзіць рэабілітацыю Пракаповіч, у лякарні альбо на лецішчы, Анатоль Драздоў не сказаў, спаслаўшыся на недасведчанасць. Што ж тычыцца таго, што Пётр Пятровіч дасягнуў «межавага ўзросту дзяржслужачага» і, магчыма, яму прыйшоў час сапраўды сыходзіць на пенсію, то прадстаўнік Нацбанка згадаў Алана Грынспена, які ўзначальваў Федэральную рэзервную сістэму ЗША і сышоў на пенсію ў 82 гады. А кіраваць Нацбанкам Беларусі, кажа Анатоль Драздоў, не прасцей, чым загадваць падобнай структурай у ЗША.