Уезд у Беларусь стаў платным
113- 13.07.2011, 10:40
У беларусаў, якія пражываюць за мяжой і якія маюць там жа зарэгістраваную машыну, пры ўездзе ў Беларусь патрабуюць заплаціць мытную пошліну.
Нават калі мэта наведвання краіны - адпачынак ці сустрэча са сваякамі.
Рэжым так званага «часовага ўвозу» машын значна ўскладніўся пасля 1 ліпеня. Памеры падатку павялічыліся ў некалькі разоў і многія, хто не разлічваў на такія сумы, вяртаюцца назад ад памежнага шлагбаўма.
Аб адным з такіх выпадкаў стала вядома Радыё «Свабода». Сям'я беларускіх грамадзянаў ехала на адпачынак у Беларусь на машыне з чэшскімі нумарамі. Муж, жонка, дачка-студэнтка. У родным горадзе іх чакаў сур'ёзна хворы бацька і дзядуля. На брэсцкай мытні сям'і прапанавалі заплаціць мытную пошліну за ўвоз аўтамабіля, які склаў бы прыблізна 8 тысяч еўра. Аргументы, што сям'я жыве за мяжой, мае чэшскія візы і неўзабаве вернецца назад, не браліся пад увагу. Кожная машына, ўвезеная на тэрыторыю Мытнага саюза, разглядаецца як «тавар». Дзяржаве прасцей браць падатак з усіх - а што, калі б раптам сям'я надумала машыну прадаць?
У чарзе знайшлося некалькі падобных выпадкаў - і ніхто з беларускіх грамадзянаў, якія хацелі наведаць радзіму, не меў пры сабе патрэбных 6-8-10 тысяч еўра «закладу». Гэтая сума тэарэтычна павінная быць вернутая пры выездзе. Аднак жадаючых паверыць у абавязацельствы беларускай дзяржавы, якая знаходзіцца ў стане вострага дэфіцыту валюты, не знайшлося. Машыны разварочваліся і з'яжджалі назад...