Абразу Лукашэнкі знайшлі ў электронных лістах
37- 20.07.2011, 14:28
Актывіст руху «За Свабоду!» Юрый Салодкі пабываў у Віцебскай абласной пракуратуры на допыце па факце абразы Аляксандра Лукашэнкі.
Тое, ці будзе распачатая крымінальная справа, вызначыцца пасля лінгвістычнай экспертызы трох лістоў, адпраўленых з электроннага адрасу Саладкага ў дзяржорганы.
- На допыце я даваў тлумачэнні. Мне былі прадэманстраваны раздрукоўкі трох лістоў, якія нібыта з майго электроннага адрасу былі накіраваныя ў дзяржорганы - міліцыю і іншыя, - з заклікам не выконваць загады незаконна абранага прэзідэнта, - распавёў «Салідарнасці» Юрый Салодкі. - Ні аб якіх каментарах на сайтах, пра што казалі раней, гаворка не ішла. Следчы паводзіў сябе карэктна.
Па словах суразмоўцы, яму паведамілі, што гэтыя тэксты будуць перададзеныя экспертам-лінгвістам. Калі яны ўгледзяць ў іх факт абразы Аляксандра Лукашэнкі, то будзе ўзбуджаная крымінальная справа.
Юрый Салодкі пакуль не затрыманы. У бліжэйшы час ён мае намер сустрэцца з адвакатам.