6 траўня 2024, панядзелак, 3:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расправы над сваякамі палітвязняў

51
Расправы над сваякамі палітвязняў

Ініцыятыва «Вызваленне» выступіла з адкрытым зваротам.

Грамадзянская ініцыятыва, што аб'ядноўвае сваякоў палітычных зняволеных, пратэстуе супраць арышту на маўклівай акцыі пратэсту 20 ліпеня Алены Ліхавід і працяглага прэсінгу з боку ўладаў. Прыводзім тэкст зварота:

«Пасля прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года і жорсткага разгону мірнай акцыі пратэсту былі захопленыя нашы родныя: кандыдаты ў прэзідэнты, сябры іхніх штабоў і дэмакратычныя актывісты. Іх адправілі за краты на тэрмін ад 2 да 6 гадоў.

У нас адабралі нашых блізкіх. Ужо сем месяцаў яны не толькі пазбаўленыя волі па надуманых сфальсіфікаваных абвінавачваннях, але і падвяргаюцца бесчалавечнаму абыходжанню, па-ранейшаму пазбаўленыя права на паўнавартаснае ліставанне, магчымасці атрымліваць адэкватную медыцынскую дапамогу, патаптаныя іхнія правы на сустрэчы з блізкімі людзьмі і адвакатамі, яны знаходзяцца ў інфармацыйнай блакадзе .

Мы таксама не толькі пазбаўленыя права быць побач з нашымі роднымі, бачыць іх, права на паўнавартаснае жыццё, але і падвяргаліся маральнаму ціску, ператрусам, допытам, спробам вярбоўкі. Рэжым мог бы супакоіцца: ягоныя апаненты - за кратамі, іхнія блізкія - ля сценаў турмаў.

Але няма - сёння яны ўзяліся за нас наўпрост.

На працягу апошняга месяца адміністрацыйным затрыманням і судам падвергнуліся Марына Лобава - маці палітвязня Эдуарда Лобава, Тацяна Севярынец - маці Паўла Севярынца. 20 ліпеня ў цэнтры горада захопленая неўсталяванымі асобамі ў цывільным маці палітвязня Мікіты Ліхавіда - Алена Ліхавід.

21 ліпеня, у парушэнне ўсіх прававых нормаў, яна асуджаная судом Цэнтральнага раёна г. Менска да 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Суддзя Вайцяховіч палічыла довады шасці здаравенных бугаёў, якія «адважна» захапілі адну жанчыну, пераканаўчымі. Мала для нашай улады месяцамі трымаць у карцэры ейнага сына Мікіту Ліхавіда, трэба яшчэ здушыць волю ягоных родных, прадэманстраваць сілу, ізаляваць ад грамадства - схаваць праўду за краты.

Мы - сваякі вязняў Плошчы, якія сталі ахвярамі рэпрэсій пасля правядзення прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі 19 снежня 2010 года, бачым у гэтым спробу ўлады зноў націснуць на нашых блізкіх, падвяргаючы рэпрэсіям нас. Відавочна, яны баяцца нас, лічаць, што рэпрэсуючы сваякоў, больш надзейна схаваюць сляды сваіх злачынстваў, здушаць нашую волю да барацьбы за вызваленне нашых блізкіх.

Мы патрабуем неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных, спынення пераследу іхніх сваякоў, ўсебаковага аб'ектыўнага разгляду бясчынстваў на вуліцах Менска, зладжаных «неўсталяванымі» асобамі ў цывільным, працяглыя выкраданні мірных грамадзянаў, а таксама - безумоўнага пакарання асобаў, вінаватых у гвалце над грамадзянамі Беларусі

Грамадзянская ініцыятыва «Вызваленне»

Напісаць каментар 51

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках