Лябедзька: Ад'езд Лукашэнкі - самы аптымальны варыянт
100- 8.07.2011, 12:01
Беларускі дыктатар прапанаваў Еўропе забраць сабе ўсіх незадаволеных. У адказ яму прапанавалі з'ехаць самому.
«Калі там, у ЕЗ, хочуць іх сабе забраць, то заўтра квіток выпішам і адправім. Не пытанне. Хай забіраюць. Калі яны такія заступнікі за палітвязняў, то заўтра ў адзін вагон пасадзім. Я прыму рашэнне (а я маю права яго прыняць), і ўсіх, і нават тых, хто сёння застаўся на волі і мычыць на плошчах, усіх, за каго яны стараюцца, заўтра ў вагон - і туды», - заявіў Лукашэнка журналістам у ходзе рабочай паездкі ў Шклоў, нагадвае «Белсат».
Лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька лічыць, што ў беларускай чыгункі не хопіць магутнасцяў, каб адправіць усіх незадаволеных палітыкай уладаў. Палітык нагадвае, што згодна з апошнім апытаннем НІСЭПД да 75% насельніцтва краіны не згодныя з тым, што робіць улада ў эканамічнай, сацыяльнай і палітычнай сферах жыцця.
Разам з тым, Анатоль Лябедзька адзначае, што «нязгодныя не згодныя» з'язджаць з краіны, таму і змагаюцца за паляпшэнне сітуацыі: «Хіба што Аляксандр Рыгоравіч паўторыць учынак Іосіфа Сталіна і, як калісьці чачэнцаў, вывезе беларусаў». Аднак апазіцыйны палітык кажа, што ёсць іншы шлях вырашыць праблему, і прапануе Аляксандру Лукашэнку і ягонаму асяродку на прэзідэнцкім «Боінгу» пакінуць краіну. «Гэта было б найлепшым выйсцем для ўсіх», - упэўнены Анатоль Лябедзька.
Што тычыцца заявы Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што ён не гатовы гандляваць палітвязнямі, бо «гэта таксама людзі, добрыя яны, дрэнныя - гэта чалавечыя лёсы», то Анатоль Лябедзька ўпэўнены, што дыктатар хітруе: «У нас заўсёды апанентаў улады саджалі ў турмы не для таго, каб іх перавыхоўваць, а каб пагандляваць імі за тую ці іншую палітычную альбо эканамічную саступку».