КДБ напісаў тэкст для вахцёркі
12- 12.09.2011, 11:39
Па словах сябра Партыі БНФ Сяргея Семенюка, крымінальная справа па артыкуле аб хуліганстве, узбуджаная супраць яго, а таксама актывістаў партыі Алеся Каліты і Максіма Губарэвіча, рыхтуецца да перадачы ў суд.
Як паведамляе Радыё Рацыя, Семянюк пагутарыў з вахцёркай будынка па вуліцы Крапоткіна ў Менску, дзе размяшчаецца офіс партыі. Жанчына праходзіць па справе як пацярпелая. І яна распавяла яму, што да яе прыходзілі супрацоўнікі КДБ і далі тэкст ейнага выступу ў судзе:
- Была ў мяне сустрэча з вахцёркай, якая з'яўляецца пацярпелай ў нашай крымінальнай справе. Яна прызналася, што да яе прыходзілі з КДБ і сказалі, што справа рыхтуецца да суду. Выдалі на двух аркушах тэкст з яе паказаннямі, якія яна павінная даць у судзе. Сказалі, што гэты тэкст трэба вывучыць дасканала, цалкам ім карыстацца на судзе, нічога лішняга не казаць.
Па словах Семенюка, жанчына напалоханая, баіцца страціць працу, але тым не менш распавяла пра візіт супрацоўнікаў КДБ.
Траіх абвінавачаных ўжо больш за тыдзень не выклікаюць у міліцыю, якая афіцыйна вядзе следства. Але, на думку Семенюка, следства хуткімі тэмпамі рыхтуе справу да перадачы ў суд такім чынам, каб у іх не было магчымасцяў нармальна падрыхтавацца да працэсу.
Інцыдэнт з удзелам маладых людзей з партыі БНФ і ахоўніка будынка, дзе знаходзіцца офіс партыі, адбыўся 13 жніўня. Па іхніх словах, ахоўнік быў нецвярозы і знаходзіўся на працы чамусьці не ў службовы час. Ён чапляўся да тых, хто накіроўваўся ў офіс партыі, абражаў, лаяўся матам. Маладыя людзі спрабавалі яго супакоіць, вывелі з будынка і пасадзілі ў таксоўку. Інцыдэнт быў вычарпаны. Але праз два дні ахоўнік падаў на іх скаргу ў міліцыю.