Андрэй Саннікаў даслаў ліст маці
23- 19.01.2012, 11:24
Палітвязень павіншаваў маці, Алу Уладзіміраўну Саннікаву, з днём нараджэння.
Больш за два месяцы ад кандыдата ў прэзідэнты няма лістоў, яго трымаюць у калоніі «Віцьба-3» у поўнай ізаляцыі і забараняюць сустрэчы з адвакатам і блізкімі. Таму нават гэтае кароткае віншаванне маці ад сына мае каштоўнасць - як доказ, што палітвязень яшчэ жывы.
«Дарагая мая родная мама. Віншую цябе з днём нараджэння! Жадаю шмат-шмат дабра, здароўя, цяпла. Вельмі хачу, каб як мага менш ты сумавала і як мага больш цябе цешыла ўсё вакол! Яшчэ раз жадаю здароўя! Паклапаціся пра яго, калі ласка. Гэта эгаістычнае пажаданне, таму што ты мне вельмі-вельмі патрэбная здаровай, моцнай, жыццярадаснай, мудрай, клапатлівай, разумнай - такой, якой ты і ёсць. Ты выдатная МАМА, і я цябе вельмі люблю! Прабач, што часам міжволі прыношу табе боль. Цэлую моцна. Андрэй», - напісаў Андрэй Саннікаў.