17 чэрвеня 2026, Серада, 12:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гомельскія міліцыянты сышлі ад адказнасці

6
Гомельскія міліцыянты сышлі ад адказнасці

Суд Цэнтральнага раёна Гомеля 12 красавіка вынес рашэнне аб адмове ў задавальненні пазову Уладзіміра Няпомняшчых да супрацоўнікаў міліцыі.

Такую пастанову прыняла суддзя Ірына Кавалевіч. Яна вырашыла, што пазасудовы арышт амаль на трое сутак грамадзяніна быў абгрунтаваным, і Уладзімір Няпомняшчых ад такога адвольнага зняволення не пацярпеў, паведамляе ПЦ «Вясна».

Нагадаем, актывіст АГП і Руху «За Свабоду», пенсіянер МУС Уладзімір Няпомняшчых спрабаваў спагнаць праз суд маральную шкоду ў памеры 9 мільёнаў рублёў за незаконнае ўтрыманне ў ІЧУ. Заяўнік быў затрыманы міліцыяй 7 кастрычніка 2011 года, напярэдадні Народнага сходу, і змешчаны без прад'яўлення якіх-небудзь абвінавачванняў да суда ў ІЧУ. 10 кастрычніка актывіст быў дастаўлены ў суд, які прызнаў яго вінаватым па артыкуле 23.34 КаАП (парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства) і пакараў штрафам. Ужо пасля суда Няпомняшчых даведаўся пра існаванне яшчэ аднаго пратакола, складзенага супрацоўнікамі міліцыі, пра тое, што актывіст нібыта мацюкаўся, гэта значыць здзейсніў дробнае хуліганства.

Дадатковае абвінавачванне з боку міліцыі Няпомняшчых расцаніў як спробу апраўдаць нічым не абгрунтаваны пазасудовы адміністрацыйны арышт да трох сутак. Довады апазіцыянера аб фальсіфікацыі з боку супрацоўнікаў міліцыі доказаў па абвінавачванні ў дробным хуліганстве пацвярджаюцца пастановай суду Цэнтральнага раёна ад 11 студзеня 2012 года аб спыненні вытворчасці па справе ў сувязі з недаказанасцю віны.

«У выніку неправамерных дзеянняў адказчыка я панёс такое дадатковае пазасудовае адміністрацыйнае спагнанне, як фактычны адміністрацыйны арышт у выглядзе трох сутак, хоць ніякай неабходнасці ў пазбаўленні мяне волі ў момант затрымання не існавала», - пісаў ў пазоўнай заяве Няпомняшчых. Ён упэўнены, што міліцыянты не мелі законнага права змяшчаць яго ў ІЧУ да суда.

Адказнікамі па справе суд прызнаў АУС Цэнтральнага раёна Гомеля, УУС Гомельскага аблвыканкама, МУС і Міністэрства фінансаў. Прадстаўнікі дадзеных структур прысутнічалі на судзе і не прызналі пазоў. Ад МУС па даверанасці на пасяджэнні выступала прадстаўніца УУС Валянціна Радзівонава. Прадстаўнік аддзела ўнутраных спраў Уладзіслаў Шукель на судзе выказаў меркаванне, што міліцыя мела права ўтрымліваць Уладзіміра Няпомняшчых да суда ў ІЧУ для «забеспячэння адміністрацыйнага працэсу».

На пытанне заяўніка: чаму на яго адразу не склалі пратакол па артыкуле 23.34 КаАП, а змясцілі ў ІЧУ, і толькі праз суткі склалі пратакол, міліцыянт адказаў, што «таму што мяне ў той дзень не было на працы». Верагодна, акрамя Уладзіслава Шукеля ніхто ў аддзеле не можа або не ўмее складаць пратаколы па артыкуле 23.34.

"«ншага рашэння я не чакаў, хоць у глыбіні душы я ўсё ж спадзяваўся, што «з паршывай авечкі хоць поўсці жмут», але не атрымалася. Але я буду змагацца далей і абскарджваць дадзенае рашэнне, змагацца трэба, здавацца - нельга. У нас няма незалежнага суда, калі б ён быў - тут няма чаго б было нават і разбірацца, усё ляжыць на паверхні. Калі б яны спагналі з міліцыі матэрыяльную шкоду, хоць па 100 тысяч, а не 9 мільёнаў, як я прасіў, то пачала б развальвацца сістэма. Ні адзін міліцыянт не стаў бы тады затрымліваць, ілжэсведчыць - каму б быў патрэбны галаўны боль, яшчэ і фінансавыя страты? Таму ўлада прыкрывае непрыстойных супрацоўнікаў міліцыі - такія ім патрэбныя для фальсіфікацый, ілжывых сведчанняў, разборак з апазіцыяй», - пракаментаваў рашэнне суда Уладзімір Няпомняшчых сайту праваабарончага цэнтра «Вясна».

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках