Эксперт рэкламнага рынка: Міністэрства аховы здароўя проста хоча скараціць сабе працу
14- 13.04.2012, 13:31
Выканаўчы дырэктар групы кампаній Starcom MediaVest Пётр Папялушка лічыць, што забарона на рэкламу лекаў нанясе шкоду айчынным вытворцам і СМІ.
У інтэрв'ю БелаПАН спецыяліст падкрэсліў, што забарона рэкламы лекаў выгадная перш за ўсё тым вытворцам, прадукцыя якіх ужо добра вядомая. Такім чынам, адзначыў Папялушка, будзе абмежаваная магчымасць выпуску на рынак новых прэпаратаў і гэта негатыўна адаб'ецца на росце рэалізацыі айчынных прэпаратаў. Таксама, лічыць эксперт, пацерпяць СМІ: рэклама лекавых сродкаў складае значную долю рынку, і яе забарона скароціць прыбыткі тэлеканалаў. Адпаведна зменшацца магчымасці СМІ купляць ці ствараць якасныя праграмы.
Папялушка таксама не згодны з заявай Міністэрства аховы здароўя аб тым, што забарона рэкламы лекавых сродкаў у СМІ спрыяльна адаб'ецца на здароўе насельніцтва. Ён нагадаў, што сёння ў СМІ дазволеная толькі рэклама лекаў, якія можна купіць без рэцэпту лекара. Акрамя таго, кожную рэкламу узгадняе Міністэрства аховы здароўя, якое мае права прыбраць з яе ўсе недакладныя або неправераныя сцвярджэнні. «Складаецца меркаванне, што Міністэрства аховы здароўя хоча скараціць сабе працу», - сказаў на заканчэнне Папялушка.