Велапрабег памяці Булак-Балаховіча ў Варшаве (Фота)
4- 14.05.2012, 9:18
Удзельнікі велапрабегу праехалі праз увесь горад пад бел-чырвона-белымі сцягамі.
Удзельнікі акцыі з прымацаванымі да ровараў бел-чырвона-белымі сцягамі праехалі ад цэнтра Варшавы да вуліцы Парыжскай, дзе 10 мая 1940 года загінуў Булак-Балаховіч. Мяркуецца, што забіты ён быў агентамі гестапа. На тым месцы знаходзіцца мемарыяльная дошка ў гонар генерала, каля якой удзельнікі акцыі паставілі белыя і чырвоныя свечкі, піша Interpolit.net.
Потым праз увесь горад калона накіравалася на могілках Павонзкі, дзе знаходзіцца сімвалічная магіла Булак-Балаховіча, бо ягонае цела так і не знайшлі. Каля яе ўдзельнікі акцыі таксама запалілі свечкі і ўсклалі кветкі.
Ініцыятарам мерапрыемства выступіла «Беларуская Нацыянальная Памяць». Арганізацыя ўжо трэці год запар праводзіць веласіпедны рэйд памяці па варшаўскім месцах, звязаных з імем легендарнага палкаводца.
Нагадаем, што Булак-Балаховіч у Першую сусветную вайну камандаваў дыверсійным атрадам царскай арміі. Пасля служыў у Чырвонай Арміі, сышоў з яе і ваяваў супраць бальшавікоў у Эстоніі. Пазней перайшоў пад камандаванне Ураду БНР.
У лістападзе 1920 Булак-Балаховіч аб'явіў у Мазыры «незалежную беларускую дзяржаву», але неўзабаве яго армія была разбітая Чырвонай Арміяй і адыйшла ў Польшчу.