18 траўня 2024, Субота, 7:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Статут ВКЛ вернецца ў Беларусь

17
Статут ВКЛ вернецца ў Беларусь

Людзі сабралі грошы, адгукнуліся спонсары і нават Нацбанк.

Некалькі дзён спатрэбілася беларусам, каб сабраць сродкі на нацыянальную рэліквію. Зараз ёсць надзея, што Статут, выстаўлены на электронны аўкцыён у Маскве, вернецца на радзіму. Гэта будзе першы арыгінал Статута на старабеларускай мове ў зборах нашай краіны, піша «Наша Нiва».

«За два дні на рахунак прыйшло каля 1000 даляраў, - распавядае малады дырэктар Магілёўскага гістарычнага музея Аляксей Бацюкоў. - Але, галоўнае, нам абяцаў дапамагчы спонсар, і як толькі будзе заключаная дамова з ім, разліковы рахунак будзе закрыты. Сваю дапамогу нам прапаноўваў і Нацбанк, хацеў прыцягнуць некаторыя банкі Беларусі».

Музей гісторыі Магілёва абвясціў дабрачынную акцыю па зборы сродкаў для выкупу Статута Вялікага княства Літоўскага 1588 года.

Статут быў выстаўлены на продаж на электронным аўкцыёне ўладальнікам антыкварнай крамы ў Маскве. Дадзены асобнік ацэнены ў $45 тыс.

Пры гэтым частку грошай (10%), па папярэдняй дамоўленасці з прадаўцом, неабходна сабраць на працягу двух тыдняў у якасці закладу. Астатнюю суму трэба будзе пералічыць на працягу трох месяцаў.

Па словах Аляксея Бацюкова, па ўсім свеце налічваецца каля 60 асобнікаў усіх трох выданняў Статута, з іх 29 адносяцца да выдання 1594-1595 гадоў. Месцазнаходжанне гэтых асобнікаў: Вялікабрытанія (1), Літва (6), Польшча (6), Расея (11), Украіна (5), а ў Беларусі няма ні аднаго. Як прыватнымі асобамі, так і дзяржаўнымі інстытутамі краіны ўжо прадпрымаліся спробы выкупіць асобнікі Статута, аднак беспаспяхова. «Але зараз у беларусаў з'явілася рэальная магчымасць вярнуць на радзіму рэдкую кнігу, але ўсё будзе залежаць ад нашай актыўнасці», - лічыць дырэктар музея. Што тычыцца сапраўднасці выдання, якое рэалізуецца ў Маскве, то ёсць заключэнне Расейскай дзяржаўнай бібліятэкі, падпісанае вядомым спецыялістам А.А. Гусевай, дадаў ён.

Статут ВКЛ - найвышэйшае дасягненне старабеларускай прававой думкі, аснова ўсёй юрыдычнай сістэмы Вялікага княства Літоўскага, Жамойцкага і Рускага. Па сутнасці, гэта была сярэднявечная Канстытуцыя, якая дзейнічала на ўсіх землях сучаснай Беларусі і з'яўлялася адной з самых прагрэсіўных ў Еўропе. Статут паўплываў на станаўленне нацыянальнай прававой думкі, а таксама на юрыдычныя традыцыі суседніх краін - Расеі, Польшчы, Эстоніі, Латвіі і інш

Статут 1588 года распрацаваны падканцлерам ВКЛ і старастам магілёўскім Львом Сапегам і быў выдадзены за ягоныя асабістыя сродкі ў друкарні, якая была заснаваная ў Вільні Пятром Мсціслаўцам на грошы магілёўскіх купцоў Мамонічаў. У цяперашні час вядома аб трох выданнях Статута - у 1588, 1592-1593 і 1594-1595 гадах.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках