Закон аб сходах зробяць больш жорсткім
11- 25.05.2012, 11:07
У «палату прадстаўнікоў» унесеныя папраўкі ў закон «Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах».
Гэтая інфармацыя размешчаная на інтэрнэт-сайце ніжняй «палаты» беларускага «парламента», піша БелаПАН.
У параўнанні з законам, прынятым у 2000 годзе, у дакуменце (ягоны праект размешчаны на сайце pravo.by) значна пашыраецца глава, якая рэгламентуе правядзенне мясцовых сходаў. Колькасць артыкулаў у ёй пашыраная з чатырох да адзінаццаці.
У прыватнасці, дададзеныя артыкулы «спыненне мясцовага сходу», «асобы, адказныя за падрыхтоўку і правядзенне мясцовага сходу, сябры ініцыятыўнай групы» і іншыя.
Таксама ў законапраекце ёсць новая глава «Адказнасць за парушэнне заканадаўства аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах».
Неабходна адзначыць, што апазіцыйны палітык Віктар Івашкевіч з'яўляўся ініцыятарам правядзення мерапрыемстваў у форме мясцовых сходаў. Так, акцыі «Народны сход» прайшлі 8 кастрычніка і 12 лістапада. У кастрычніку акцыя адбылося прыкладна ў дзесяці гарадах Беларусі, у лістападзе - толькі ў трох.
Улады не пагадзіліся з довадамі ініцыятараў акцыі аб тым, што «Народныя сходы» падпадаюць пад закон аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах. Сустаршыняў аргкамітэта - Віктара Івашкевіча і Генадзя Фядыніча - Генпракуратура папярэдзіла аб незаконнасці правядзення акцыі.
Увосень 2011 года «парламент» Беларусі прыняў папраўкі ў закон «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь», якія ўскладнілі парадак іх правядзення.