22 снежня 2024, Нядзеля, 20:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Першы

82
Першы

Аб беларускім Супраціве, нарэшце, знялі мастацкі фільм.

Неафіцыйны закрыты паказ фільма «Жыве Беларусь!» прайшоў 23 ліпеня ў Варшаве.

«Жыве Беларусь!» здымаўся ў лістападзе-снежні 2011 года ў Польшчы. Трэйлер фільма быў паказаны на Берлінскім кінафэстывалі вясной 2012 года, а прэм'ерны паказ адбыўся на фестывалі ў Канах.

Рэжысёр фільма - паляк Кшыштаф Лукашэвіч. Сцэнарысты - беларускі журналіст і актывіст Франак Вячорка і Кшыштаф Лукашэвіч.

Галоўную ролю - рок-музыкі Мірона Захаркі - выканаў беларускі музыка Зміцер (Вінсэнт) Папко. Фільм зняты на рэальных падзеях і сабраў у сабе гісторыі і лёсы многіх беларусаў, якія прайшлі і працягваюць праходзіць праз рэпрэсіі ў Беларусі.

Сайт charter97.org папрасіў падзяліцца меркаваннем ад прагляду фільма ўдзельнікаў закрытага паказу ў Варшаве.

Зміцер Бандарэнка, былы палітвязень, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь»:

«Гэта фільм, які шмат па якім параметрам заслугоўвае эпітэта «першы». Першы фільм пра Беларусь, першы фільм па-беларуску і першы фільм пра беларускае змаганне. Для соцен тысяч беларусаў змаганне за свабоду і незалежнасць стала сэнсам жыцця, а дагэтуль яшчэ ніколі ў кіно галоўная тэма нашага жыцця не гучала. У кожным фільме можна знайсці недасканаласці, але і войска, і турмы, і Плошча паказаныя вельмі праўдзіва. І суперважна, што фільм выйдзе менавіта зараз, калі ў беларускім грамадстве інтэнсіўна абмяркоўваецца пытанне, што рабіць далей».  

Наталля Радзіна, галоўны рэдактар charter97.org:

«Фільм-узрушанне, фільм-шок, нават для мяне, якая прайшла ў Беларусі тую ж турму КДБ. Пры гэтым прафесійна зняты, з прафесійнай рэжысурай, таленавітымі акцёрамі, высакаякасным гукам, саўндтрэкамі, якія, упэўнена, стануць хітамі. «Жыве Беларусь» павінен паглядзець кожны беларус. Перш за ўсё - моладзь, каб зразумець: пара дзейнічаць і мяняць жыццё ўжо зараз. Спадзяюся, яго ўбачаць і многія супрацоўнікі КДБ, МУС, Мінабароны, хто сёння займаецца пераследам і знішчэннем іншадумцаў. Паглядзеўшы яго, яны зразумеюць - нішто не забыта, усё фіксуецца і ім давядзецца за ўсё адказваць. Бо, па сутнасці, яны з'яўляюцца сёння ваўкалакамі, якія змагаюцца супраць усяго жывога».

Зміцер (Вінсэнт) Папко, музыка, выканаўца галоўнай ролі:

«Гэта была досыць складаная маральная і фізычная праца. Маральна: таму што ўсе сцэны я прапусьціў праз сябе, і улічваючы ўвесь псыхалягічны драматызм гэтай карціны, часамі было няпроста выйсьці з пэўнага стану, але атрымалася справіцца з гэтым. Фізычна: таму што працавалі фактычна суткамі, з перапынкамі на сон. Усё гэта атрымалася зьдзейсьніць, дзякуючы ўсьведамленьню, што мы робім вялікую справу для агульнай ідэі. Патрабаваліся вялікая канцэнтрацыя і высілкі, каб зрабіць гэты фільм, але дзякуючы прафэсіяналізму ўсёй кінагрупы мы дасягнулі выніку, які варты ўвагі».

Франак Вячорка, сцэнарыст:

«Фільм «Жыве Беларусь!» - зрэз беларускай рэальнасьці. Жорсткі, часам абсурдны, смешны, несправядлівы. У ім уздымаецца комплекс праблемаў: канфлікт пакаленьняў - савецкага і незалежнага маладога, дзьвюхмоўе, забароненыя музыкі і «чорныя сьпісы», катаваньні у засьценках КДБ, каханьне на барыкадах (Дашкевіч-Палажанка), састарэлая і сьмешная армія, у прыватнасьці, войскі супрацьпаветранай абароны, якія ня здольныя адсачыць швэдзкі самалёт зь мядзьведзікамі. Гэта беларускі фільм, зроблены супольна беларусамі і палякамі, з удзелам найлепшых беларускіх артыстаў. Прызначаны для заходняга гледача, але беларусы ў ім таксама знойдуць нешта сваё».

P.S. Прэм'ера фільма ў інтэрнэце, у тым ліку на charter97.org, адбудзецца восенню.

Напісаць каментар 82

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках