30 красавiка 2024, aўторак, 17:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Фотарэпартаж: «Жыве Беларусь» у Канах

3

У французскім горадзе Каны праходзіць 65-ы штогадовы Канскі фестываль. Сярод сотняў фільмаў ёсць фільмы, створаныя беларусамі ці пра Беларусь.

Кінастужка «Жыве Беларусь» польскага рэжысёра Кшыштафа Лукашэвіча заснаваная на рэальных падзеях. Яна апавядае пра барацьбу беларускай моладзі супраць дыктатуры. Гэта першы фільм на беларускай мове, прадстаўлены на такога узроўні фестывалях. У фільме зняліся рэпер Вінсэнт, акторы Дзяніс Тарасенка, Аляксандр Малчанаў, Раман Падаляка, Анатоль Кот, шоўмэн Аляксандр Памідораў, польская акторка Караліна Грушка, перадае «Радыё Свабода».

Фільм здымаўся ў Польшчы Дзяржаўнай кінастудыяй за грошы Міністэрства культуры Польшчы, Польскага інстытута кінамастацтва і французскага Canal +.

На Канскім кінафестывалі фільм быў паказаны двойчы. 22 мая, у 13 гадзін у кіно «Riviera 4», а таксама 23 мая ў 11:30 ў «Palais B».

На ўваходзе ў кіназалу кожнага наведвальніка паказу рэгістраваў супрацоўнік фестывалю. Потым стваральнікі фільмаў могуць паглядзець, хто наведаў паказ, каб звязацца з імі і заключыць дамову аб дыстрыбуцыі ці продажы.

У часопісе «Variety» было некалькі публікацый і рэкламных модуляў пра фільм «Жыве Беларусь». Зрэшты, гэта адзіны спосаб зацікавіць публіку фільмам. На Канскім фестывалі паказваюць сотні фільмаў з усяго свету.

Ёля Галіцкая з Польскай дзяржаўнай кінастудыі (WFDIF) адказвае за прамоцыю фільма «Жыве Беларусь». У Канах яна заключае дамовы, вядзе перамовы аб паказах і продажах фільма.

Павільён Польскага інстытута кінамастацтва размешчаны на тэрасе літаральна над знакамітым чырвоным дываном. Цэлы стэнд прысвечаны фільму «Жыве Беларусь», а па тэлевізары нон-стоп паказваюць трэйлер да фільма. Акрамя гэтага, палякі прывезлі некалькі дзесяткаў фільмаў да продажу.

Сярод беларускіх патронаў фільма, каму ёсць падзяка ў тытрах, - Алесь Бяляцкі. Большасць актораў - беларусы.

У фільме паказваецца шэраг праблем сучаснага беларускага грамадства, у тым ліку адсутнасць роўнасці дзвюх дзяржаўных моў. Адзін з герояў фільма Серы (Максім Каржыцкі) адмаўляецца прымаць прысягу па-расейску.

Фільм распавядае пра беларускую моладзь. Палова фільма адбываецца ў вайсковай частцы недалёка ад чарнобыльскай зоны. У частцы пануюць антысанітарыя, дзедаўшчына, і галоўны герой Мірон Захарка пачынае весці дзённік у Інтэрнэце.

Для прамоцыі фільма зробленыя тысячы улётак. Усе зацікаўленыя маглі атрымаць дэма-версію фільма. Пасля фестывалю пачынаюць заключаць дамовы на дыстрыбуцыю, запрашаюць на фестывалі.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках