17 чэрвеня 2024, панядзелак, 22:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЦВК адхіліў скаргу Івана Амельчанкі

3
ЦВК адхіліў скаргу Івана Амельчанкі

Цэнтрвыбаркам на пасяджэнні 27 ліпеня адмовіў у задавальненні скаргі на нерэгістрацыю ініцыятыўнай групы аўтара нашумелага перформансу «Мусарок» Івана Амельчанкі.

У прыватнасці, на думку ЦВК, не быў выкананы устаноўлены парадак падачы заявы. Так, дакументы былі пададзеныя па пошце, у той час як выбарчае заканадаўства прадугледжвае падачу асабіста або па даверанасці, піша БелаПАН.

Акрамя таго, ЦВК усумніўся, што скаргу падаваў асабіста Амельчанка, так як праз адміністрацыю Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў ГУУС Менгарвыканкама, дзе ён зараз адбывае адміністрацыйны арышт, скарга не праходзіла.

Аб правамоцнасці адмовы ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Амельчанкі Лідзія Ярмошына заявіла 26 ліпеня на прэс-канферэнцыі ў Менску. Пры гэтым кіраўнік ЦВК не лічыць, што адмову ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ў 2010 годзе на прэзідэнцкіх выбарах павінен быў атрымаць і Аляксандр Лукашэнка, які таксама асабіста не перадаваў дакументы ў Цэнтральную камісію.

«Падчас прэзідэнцкіх выбараў быў устаноўлены парадак: здаваць дакументы павінен сам прэтэндэнт на прэзідэнцкае крэсла або яго прадстаўнік па даверанасці. У дадзеным выпадку Лукашэнка выдаў даверанасць кіраўніку ініцыятыўнай групы Аляксандру Радзькову, які і перадаў дакументы ў Цэнтрвыбаркам», - паведаміла Ярмошына.

Да «парламенцкіх выбараў» гэтага года, адзначыла яна, былі выдадзеныя дапаможнікі, у якіх выразна прапісана, што здаваць дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўных груп можна асабіста або па натарыяльнай даверанасці, а калі па пошце - то павінна вынікаць адмова. «Наша тлумачэнне абавязкова да выканання, як і нормы закона», - падкрэсліла кіраўнік ЦВК.

Зараз Амельчанка адбывае пакаранне ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў ГУУС Менгарвыканкама. Ён быў затрыманы раніцай 17 ліпеня, на наступны дзень пасля падачы заявы аб сваім намеры вылучацца кандыдатам у дэпутаты. У гэты ж дзень ён быў прызнаны вінаватым у правапарушэнні, прадугледжаным артыкулам 23.4 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў) і арыштаваны на 12 сутак. Праз адваката Амельчанка перадаў скаргу ў ЦВК на адмову акруговай выбарчай камісіі зарэгістраваць яго ініцыятыўную групу.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках